У Сэнаце ЗША пачынаецца суд над Дональдам Трампам

Абвінаваўцы ў працэсе аб імпічмэнце Дональда Трампа

У Сэнаце Кангрэсу ЗША 9 лютага пачынаецца суд над былым прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Дональдам Трампам у справе аб яго імпічмэнце за «падбухторваньне да паўстаньня».

6 студзеня прэзыдэнт Трамп выступіў перад дзясяткамі тысяч сваіх прыхільнікаў з заклікам спыніць спробу «скрасьці выбары», пасьля чаго некалькі соцень удзельнікаў мітынгу ўварваліся ў будынак Кангрэсу, спрабуючы сарваць пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў і Сэнату, на якім зацьвярджаліся вынікі прэзыдэнцкіх выбараў на карысьць Джо Байдэна.

Канчатковае слова ў працэдуры імпічмэнту застаецца за Сэнатам, які павінен асудзіць або апраўдаць былога прэзыдэнта. 9 лютага сэнатары правядуць дэбаты і галасаваньне ў пытаньні канстытуцыйнасьці імпічмэнту былога прэзыдэнта. У канстытуцыі краіны нічога ня сказана наконт магчымасьці імпічмэнту прэзыдэнта, які пакінуў Белы дом. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адмовіўся даваць паказаньні ў судовых слуханьнях аб яго імпічмэнце ў Сэнаце

Адвакаты Дональда Трампа прыводзяць два аргумэнты ў яго абарону: яны настойваюць на неканстытуцыйнасьці перасьледу былога прэзыдэнта і на тым, што яго выступ абаронены першай папраўкай да Канстытуцыі, якая гарантуе амэрыканцам свабоду слова. У абвінаваўчым дакумэнце Палаты прадстаўнікоў гаворыцца пра тое, што заклік Дональда Трампа «да паўстаньня супраць ураду Злучаных Штатаў — найцяжэйшае злачынства, зьдзейсьненае калі-небудзь прэзыдэнтам».

Сёньня павінны пачацца судовыя спрэчкі, дзе ў якасьці судзьдзяў будуць выступаць сэнатары, а ў якасьці абвінаваўцаў — група некалькіх кангрэсмэнаў з Палаты прадстаўнікоў. Рашэньне аб асуджэньні былога прэзыдэнта можа быць прынятае, калі за яго прагаласуе дзьве траціны сэнатараў, то бок, за гэтую меру павінны прагаласаваць 17 сэнатараў-рэспубліканцаў. Такі вынік працэсу малаімаверны, паколькі пераважная большасьць заканадаўцаў-рэспубліканцаў далі зразумець, што яны лічаць перасьлед былога прэзыдэнта неканстытуцыйным. За імпічмэнт, як лічыцца, могуць прагаласаваць толькі 5 рэспубліканцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвінавачаньне і абарона Трампа прадставілі свае аргумэнты Сэнату

Прыхільнікі Дональда Трампа называюць гэты працэс палітычным тэатрам, крытыкі Трампа заяўляюць пра тое, што Кангрэс павінен публічна асудзіць такія паводзіны прэзыдэнта і закрыць магчымасьць Трампу прэтэндаваць у будучым на выбарную пасаду.

Дональд Трамп стаў адзіным у гісторыі ЗША прэзыдэнтам, у дачыненьні да якога Палата прадстаўнікоў пачынала працэдуру імпічмэнту двойчы.