Калектыўны ліст супраць санкцый з подпісамі работнікаў бюджэтнай сфэры адправілі ў Раду Эўразьвязу, паведамілі БелТА ў прэс-службе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Сьцьвярджаецца, што ліст падпісалі больш чым 1 мільён 130 тысяч чалавек. Санкцыі Эўразьвязу ў лісьце называюць «незаконнымі і неабгрунтаванымі мерамі» ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў. Паводле ліста, санкцыі супярэчаць міжнароднаму праву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярашук заявіў, што рабочых прымушаюць падпісваць ліст супраць санкцый ЭўразьвязуФэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі адзначае, што ў сувязі «з галаслоўнай заявай прадстаўніка Эўразьвязу ў Беларусі пра нібыта наяўныя выпадкі ціску на работнікаў» яна накіравала ў прадстаўніцтва Эўразьвязу запыт аб прадастаўленьні пацьверджаньня гэтай інфармацыі і «гатовая аказаць садзейнічаньне ў адкліканьні подпісаў канкрэтных людзей, калі пацьвердзіцца факт прымусу».
Раней старшыня незалежнага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заявіў, што рабочых прымушаюць падпісваць ліст супраць санкцый Эўразьвязу. Работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый расказвалі СМІ, што іх «настойліва прасілі» падпісаць гэты ліст, а некаторым намякалі, што могуць пазбавіць прэмій і нават звольніць, калі яны гэтага ня зробяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як кіраўнік «Гродна Азот» прымушае работнікаў падпісаць ліст супраць санкцыйАд кастрычніка мінулага году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі.
- У першы санкцыйны пакет, прыняты 2 кастрычніка, былі ўнесеныя 40 беларускіх афіцыйных асобаў — прадстаўнікоў МУС і КДБ і чальцоў ЦВК. Адносна іх увялі пэрсанальныя абмежаваньні.
- Другі пакет санкцый быў прыняты 6 лістапада: Эўразьвяз увёў абмежаваньні ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і 14 высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку памочніка прэзыдэнта Віктара Лукашэнкі, кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенкі, кіраўніка КДБ Івана Тэртэля, кіраўніка Сьледчага камітэту Івана Наскевіча, кіраўніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант і іншых.
- 17 сьнежня Эўразьвяз прыняў трэці пакет санкцый супраць беларускіх уладаў і бізнэсу. У сьпіс увайшлі 29 фізычных і сем юрыдычных асобаў, у тым ліку ААТ «140-ы рамонтны завод», ААТ «Агат — электрамэханічны завод», ААТ МЗКЦ, ЗАТ «Белтэхэкспарт», Дзяржаўная ўстанова «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне» Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Dana Holdings і ТАА «Сінезіс».