Як расказала Жанна Баброўская, яна прыйшла 24 студзеня на экскурсію, прысьвечаную дню памяці Галакосту, як удзельніца, ня гід. Усім удзельнікам, якія аплацілі экскурсію, прышпілілі зоркі з надпісам «23.34». Усяго было больш за 20 чалавек. Падчас экскурсіі ўдзельнікаў традыцыйна суправаджалі міліцыянты. Тады Жанну не затрымлівалі.
«Камбінацыя лічбаў у нас нібыта яшчэ не забароненая. Яна можа асацыявацца з чым заўгодна. Гэта тэлефонны код Жлобіна, у некага гэта касавы чэк, у некага — артыкул Адміністрацыйнага кодэксу», — камэнтуе лічбы на зорках жанчына.
Яна сама прыйшла ў міліцыю 27 студзеня па іншай справе. 1 студзеня яна выйшла пагуляць на гарадзкую плошчу пасьля самаізаляцыі з прычыны каранавірусу. Міліцыянт, які ведаў, што яна хварэла, сказаў гучна, так, што чулі іншыя: «Гэта тая, у якой страшны COVID». Баброўская напісала заяву на супрацоўніка міліцыі за тое, што незаконна распаўсюдзіў зьвесткі пра ейны стан здароўя. Калі яна прыйшла ў міліцыю па позьве наконт гэтага выпадку, на яе склалі пратакол за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве падчас экскурсіі.
«Як гэта зразумець? Усе былі на экскурсіі, адна я была на пікеце?.. Калі гэта было парушэньне, то куды ж вы глядзелі цягам дзьвюх гадзін? Чаму вы не зрабілі заўвагі? Чаму не запыталіся, што яны значаць, а працягвалі ўдзельнічаць у маім „пікеце“?» — задае рытарычнае пытаньне міліцыянтам Баброўская.
Раней Баброўская адседзела 5 дзён за тое, што стаяла з плякатам супраць гвалту ў Дзень маці. У суд над ёй тады нікога не пусьцілі праз эпідэмію каранавірусу. Пасьля вызваленьня яе вывезьлі з РАУС, пад сьценамі якога чакалі сваякі, і высадзілі за мястэчкам.
Сям’я Баброўскіх займаецца праектам па ўшанаваньні 10 наваградзкіх семʼяў, якія ў апошнюю вайну хавалі ў сябе габрэяў. Гэты праект пачалі абмяркоўваць, калі яшчэ быў жывы бізнэсовец і мэцэнат Сяргей Коваль, стваральнік сядзібы ў Літоўцы.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перамены павінны адбыцца да лета», — Франак Вячорка — пра стратэгію перамогі і Лукашэнку з аўтаматам