Стагодзьдзе Мележа: 20 нечаканых фактаў пра пісьменьніка

8 лютага Івану Мележу споўнілася б 100 гадоў. Сёньня ён герой нашых 20 нечаканых фактаў.

  • У маладосьці складаў вершы, але стаў вялікім паэтам менавіта ў прозе.
  • Стваральнік дзівосна-баляднай «Палескай хронікі», роўнай па сваёй паэтычнай глыбіні «Новай зямлі».
  • Назвы яго твораў зьдзіўляюць сваёй мэтафарычнай знакавасьцю: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Сьнежань».
  • Як і яго любімы Максім Багдановіч, захоўваў унутраную адзіноту і хварэў на сухоты.

1. Яго прыхільніцай была Ларыса Геніюш

Аўтарка «Споведзі» называла Івана Мележа адным з самых любімых пісьменьнікаў. Яго сьмерць стала для яе вялікім горам. У лісьце да Алеся Белакоза (30.08.76 г.) пісала: «Надта жаль Мележа. Як жа непатрэбна рана ён нас пакінуў! Абяднелі зноў мы, бо гэта быў сапраўды выдатны празаік».

Алесь Адамовіч, Іван Мележ, Іван Навуменка і Янка Брыль. Канец 1960-х гг. (з архіву сям'і І. Мележа)

2. Да зьяўленьня «Людзей на балоце» беларускія пісьменьнікі ставіліся да яго паблажліва

У дзёньніках Барыса Сачанкі знаходзім: «Я ня вельмі цаніў яго дагэтуль. Ранейшыя творы здаваліся надуманымі, далёкімі ад праўды. Таму „Людзей на балоце“ пачаў чытаць без асаблівай ахвоты. 20-40 старонак не захапілі. Сказаў нават нейкую недарэчнасьць, Я. Брыль падтрымаў: „Іван можа, глядзі, скарачай“ (...) Вялюгін пасьмяяўся: відаць, лепей было б, каб раман згарэў (у Мележа быў пажар у кватэры, і раман сапраўды ледзь не згарэў). Але прачытаў 100, 200, 300 старонак — Божа мой, якая проза! Пасьля К. Чорнага нічога падобнага не было. Сказаў у рэдакцыі гэта — скептычна ўспрынялі: маўляў, малады хлопец, што ён яшчэ разумее ў літаратуры. Ад Мележа ніхто не чакаў, што ён напіша што вартае».

Іван Мележ, Янка Брыль і Ўсевалад Краўчанка. Другая палова 50-х гг.

3. Дзякуючы Івану Мележу Янка Брыль стаў вольным літаратарам

Янка Брыль настолькі быў захоплены і ўражаны раманам Івана Мележа «Людзі на балоце», што вырашыў кінуць працу ў выдавецтве і стаць вольным літаратарам, каб нішто яму не замінала завяршыць свой раман «Птушкі і гнёзды».

4. У яго быў вельмі арыгінальны працоўны кабінэт

Ян Скрыган так апісваў кабінэт Мележа: «Усю сьцяну ад вуліцы ён зацягнуў масіўнаю, але мяккаю цёмна-зялёнаю драпіроўкаю; пісьмовы стол, не тутэйшы, лякаваны цёмна-рудым колерам, з авальнымі краямі, з угнутым паглыбленьнем для рабочага месца, з палічкамі ў тарцовых сьценках пад кнігі, што скрозь трэба мець напагатове, — гэтакі ўнівэрсальны, даволі кампактны стол, адсунуўшы яго надалей ад драпіроўкі, ён паставіў так, каб сядзець тварам на кабінэт. Перад сталом, з краю, чутачку наўскасяк пастаўлена крэсла, каб мог пасядзець госьць, калі часам зойдзе. (...) Увесь тлум вонкавага сьвету аставаўся за драпіроўкай, а тут — свой сьвет, свая сьвятая сьвятасьць. (...) Мележу патрэбна было часамі з дня рабіць ноч, і гэтаму таксама памагала драпіроўка. Затуліў сьцяну цяжкою апонаю, і калі ласка — ноч!»

Разам зь сям’ёй: Іван Мележ, жонка Лідзія, дачка Людміла і бацька Павал. 1948 г.

5. Яго анёлам-ахоўнікам была цешча

Паводле ўспамінаў Івана Шамякіна: «Іван Паўлавіч неаднойчы казаў мне: „У тым, што я ня толькі жыву, але і працую, большая заслуга Клаўдзіі Іванаўны, чым дактароў“. Дваццаць пяць гадоў строгага рэжыму і строгай дыеты — гэта патрабавала надзвычайнай сілы волі ад хворага. І гэта подзьвіг (...) для таго, хто забясьпечваў такі рэжым, гатаваў дыету, адварваў лекавыя травы. Іван Паўлавіч прачынаўся ў чатыры-пяць гадзін раніцы. Як толькі рыпалі дзьверы ў кабінэце, тут жа падхоплівалася Клаўдзія Іванаўна, бясшумна ішла на кухню, бясшумна гатавала чай, бясшумна падавала пісьменьніку на яго рабочы стол». Дачка Людміла згадвала, што гаспадарка дома цалкам трымалася на бабулі, якая і гатавала, і купляла, і мыла, і прыбірала.

6. Ня ўмеў хаваць незадаволенасьці, калі яго крытыкавалі, і па-дзіцячы радаваўся, калі хвалілі

Барыс Сачанка, як тонкі псыхоляг, адзначаў: «...калі я рабіў заўвагі не зусім тактоўныя, Іван Паўлавіч змаўкаў, засяроджваўся, потым надзяваў на галаву шапку, падымаўся з-за стала: „Часу сёньня ня маю, хіба пайду ўжо...“. Я адчуваў — заўвага мая не спадабалася (...), і зноў пачынаў гаварыць добрае пра раман. Іван Паўлавіч сьцягваў з галавы шапку, зноў слухаў, слухаў. Забываў, што часу ня мае. (...) Застыне неяк увесь, паглыбіцца ў сябе і слухае, слухае...»

7. Пры стварэньні сваіх раманаў кіраваўся мантажна-кінэматаграфічным прынцыпам

Ян Скрыган згадваў: «...Мележ можа пісаць, не пільнуючыся пасьлядоўнасьці твора. Пісаць тыя мясьціны, якія найбольш гатовы ў галаве, прадуманы, перажыты ўяўленьнем — у канцы гэта ці ўсярэдзіне кнігі, — а потым ужо кампанаваць іх, устаўляючы кожную на сваё месца».

Авяр’ян Дзеружынскі, Іван Мележ, Алесь Пальчэўскі сярод чытачоў. 1961 г.

8. У адрозьненьне ад большасьці пісьменьнікаў, любіў расказваць пра ненапісанае

Іван Шамякін успамінаў, што Мележ: «...многа і ахвотна гаварыў пра ненапісанае, пра тое, што думае пісаць, расказваў і сюжэт і схему разьвіцьця характараў, як бы раіўся, як бы правяраў на субяседніку тое, што нарадзілася ці нараджаецца, але яшчэ ня цалкам акрэсьлілася, выкрышталізавалася, не перайшло на паперу».

9. У маладосьці лічыў асноўнымі недахопамі сваёй творчасьці натуралізм і невыразную мову

У занатоўках за 1945 г. знаходзім: «У мяне небясьпека — натуралізм. Помніць і сьцерагчыся. (...) «У мяне мова невыразная. Пісаць вобразна, ярка. Не расьцягваць апісаньні і псыхалягічныя аналізы (як у Чорнага). Маляваць людзей у простай абстаноўцы, з простымі словамі, звычайнымі і нібы няважнымі, але як у жыцьці». Ушчуваў маладога Мележа за «няўважлівую работу над словам» і Якуб Колас: «...Аўтар піша, што рота „пазбавілася зручнай дарогі для адступленьня“, у той час, як пазбавіцца можна ад нежаданага, а не ад патрэбнага. Далей гаворыцца: „Між сосен траплялася ўсюды сьсечанае гальлё“. Словы „ўсюды“ і „траплялася“ ўзаемна выключаюць адно другое».

Пляменьніца Івана Мележа Ліля на вечарыне ў в. Глінішчы, прысьвечанай 90-годзьдзю з дня нараджэньня пісьменьніка. 2011 г. (з архіву сям’і І. Мележа)

10. Скептычна ставіўся да кароткіх раманаў і горача адстойваў права беларускай літаратуры на «эпапэйнасьць»

Эстонскі перакладчык Олеў Йыгі ўзгадваў, як яны спрачаліся пра тое, якім павінен быць раман: «Я настойваў на тым, што форма сучаснай прозы павінна даваць больш прастору, больш „паветра“ для чытацкай фантазіі, і таму пісьменьніку ня варта залішне захапляцца падрабязнымі апісаньнямі. Іван Паўлавіч жа абараняў традыцыйную, клясычную форму, сьцьвярджаючы, што недаказанасьць думкі часам можа прывесьці да няправільнага вытлумачэньня аўтарскай ідэі»; у адным з артыкулаў Мележ пісаў: «Я (...) думаю, што эпічныя раманы рана адсылаць у архіў. Час наш эпічны: які яшчэ жанр можа з такой паўнатой паказаць складанасьць, узаемазьвязанасьць і шырыню жыцьця кожнага з герояў, як эпічны раман?»

11. Вялікі праціўнік эпапэй Міхась Стральцоў лічыў, што Іван Мележ сваёй любоўю да раманных палотнаў загнаў сябе ў тупік

Рэкамэндацыя Івана Мележа Міхасю Стральцову на ўступленьне ў Саюз пісьменьнікаў Беларусі. 1962 г.

Міхась Стральцоў любіў першы раман «Людзі на балоце», лічыў гэты твор лягічна завершаным ад першай цудоўнай фразы «Хаты стаялі на востраве...» да апошняга сказу: «Васіль не адказаў». У лістах да Леаніда Дранько-Майсюка Міхась Стральцоў пісаў, што: «...Мележ зайшоў па гэтай дарозе ў тупік (...) Мы любім вырашаць усё грамадзкай падзеяй, гісторыяй (...) тут, маўляў, гістарычны аптымізм, праўда аб’ектыўная гісторыі (...) Але ж гэта ілюстрацыя і храналёгія, якую, папраўдзе, ці схаваеш пад майстэрствам. Што далей? Абарваць раманы, іх працяг храналягічны, як гэта здарылася з Мележам, дзе „пасобілі“ „боскія“ акалічнасьці [раньняя сьмерць Мележа — В. Дэ Эм]; працягваць — дакуль? Бясконца?..»

12. Удава Янкі Купалы ледзь не давяла яго да страты прытомнасьці

У занатоўках за 1948 г. знаходзім такое апісаньне Ўладзіславы Францаўны: «Гаворыць, гаворыць — здаецца бяз ладу — з аднаго на другое: з успамінаў пра Янку на свае чаравікі, у якіх падэшва аказалася кепская. Потым зноў — на трэцяе, далей можа вярнуцца да першага. Зь ёю мімаволі стамляесься. Колькі ў ёй энэргіі. Якая яна была ў маладосьці? Гадзіны чатыры паказвала мне архіўныя дакумэнты. Спачатку было цікава паглядзець, потым — нуднавата, а ўрэшце я адчуў, што галава пачынае кружыцца — блізка да вобмараку. Любіць хлапцоў маладых — пагаманіць, паклікаць іх на абед. Першыя тосты — „за маладосьць!“ „За мужчын, бо іх мала!“ Партрэт — поўная, старэчы абвіслы твар, кароткія, падрэзаныя скобкай валасы, — па-мужчынску амаль. Знаёміцца адразу. Адразу — друг. Усе тайны табе».

13. Ён вельмі падабаўся жанчынам, што аднак не ператварыла яго ў донжуана

Калі Іван Мележ ачуньваў у 1942 г. пасьля раненьня ў шпіталі, амаль усе работніцы — ад галоўнага доктара да мэдсясьцёр — былі ў яго закаханыя. У дзёньнікавых запісах знаходзім: «Учора вечарам В.Р.

Іван Мележ. 1943 г. (з архіву сям'і І. Мележа)

адазвала мяне ўбок і папрасіла пачакаць (...) Да яе не адзін ужо спрабаваў падкаціцца. Але бяз посьпеху. (...) Яна хутка вярнулася і ўручыла мне вялікі пакунак [касьцюм — В. Дэ Эм]. Яна, як і я, саромелася, але таксама старалася не паказваць выгляду (...) я хвалююся».; «...самае забаўнае тое, што гуляў я са сваім лечачым урачом — Л.С. Каб сустрэцца нам на вуліцы, яна пайшла праз прахадную, а мне, як самавольшчыку, давялося лезьці цераз каменную сьцяну, дзе лазяць усе самавольшчыкі. (...) На вуліцы мы сустрэлі некалькі раненых (...) Л.С. адчувала сябе яўна напружана: як жа, урач сама, страж парадку, у ролі парушальніка яго, з хворым, таксама парушальнікам...»; «З.Б.. сказала, што я хутка пайду на камісію і мне дадуць водпуск, і спытала: куды я хачу паехаць. Я сказаў, што (...) бліжэй да родных мясьцін. Яна (...) пераконвала, што нідзе лепей, як тут, у Тбілісі, не будзе. Намякнула, што яна дапаможа ўладзіцца добра. Я ведаю: яе дзядзька — вялікі чалавек у Наркамаце аховы здароўя».

14. Называў пышныя вясельлі паказухай

Лідзія Пятрова-Мележ пісала: «10 красавіка 1943 г., не сказаўшы нікому ні слова, мы пайшлі ў загс і расьпісаліся. Абое лічылі, што гэта наша, прыватная справа і ніякага шумлівага вясельля нам не трэба. І пазьней, усё жыцьцё Іван Паўлавіч не любіў пышных вясельляў, лічыў, што яны робяцца не для маладых, а для бацькоў і знаёмых бацькоў, а таксама для паказухі».

Іван Мележ, жонка Лідзія і дачка Людміла. 1948 г. (з архіву сям’і І. Мележа)

15. У выхаваньні дзяцей не прызнаваў нават намёку на тыранію

Дачка Людміла ўспамінала, што яе бацька НІКОЛІ не павышаў голасу, не праяўляў дыктатарскіх замашак, не надакучаў павучаньнямі і забаронамі. Зь ім было заўсёды лёгка і весела: «Мои самые светлые, праздничные воспоминания — когда мы с ним вдвоем уезжали куда-нибудь отдыхать! (...) Я не помню ни одного момента, чтобы мы поссорились, или он, ударив кулаком по столу, что-нибудь мне запретил. Если же я совершала проступок, то отец ничего не говорил, а просто мрачнел, всем своим видом показывая, как он опечален, и уже от одного этого сразу же становилось ужасно стыдно»; па словах Алены Васілевіч: «Яго слова было законам, але не цяжарам для дзіцяці».

Іван Мележ і старэйшая дачка Людміла. 1948 г. (з архіву сям’і І. Мележа)

16. Крытычна выказваўся пра Быкава, Караткевіча, Шамякіна

«...у аповесьці „Праклятая вышыня“ Быкаў, хоць і не ва ўсім з посьпехам, паспрабаваў вырвацца з палону тых схем, якія прывялі пісьменьніка да творчай няўдачы ў аповесьці „Мёртвым не баліць“. (...) Ня ўсё ўдалося В. Быкаву і ў апошніх аповесьцях: так, па аповесьці „Сотнікаў“ аўтару справядліва рабіўся закід, што героі яго як бы адасоблены ад жыцьця, (...) амаль не адчуваецца дзейнасьць партызанскай брыгады, таварышаў па зброі. Ёй шкодзіць камэрнасьць»; «...здольны крытык А. Яскевіч, па-мойму, ранавата піша пра таленавітага празаіка Ў. Караткевіча, што творы яго «зь цягам часу, магчыма, стануць у адзін шэраг зь вядомымі гістарычнымі хронікамі Вальтэра Скота (...), Генрыха Сянкевіча (...), Алаіса Ірасека...»; «І. Шамякіну не ва ўсім удалося рашыць складаную задачу стварэньня буйнога вобраза, не заўсёды дасягае аўтар посьпеху, калі імкнецца пранікнуць у сьвет пачуцьцяў і думак героя».

Іван Мележ і Васіль Быкаў. 1972 г. (з архіву сям’і І. Мележа)

Іван Мележ і Іван Шамякін. 1958 г. (з архіву сям’і І. Мележа)

17. Спрыяў вяртаньню зь нябыту творчасьці Лукаша Калюгі і ўвогуле актыўна цікавіўся лёсам рэпрэсаваных літаратараў

Дырэктару выдавецтва «Беларусь» Захару Матузаву Іван Мележ пісаў (19.VI.67 г.): «Паважаны Захар Пятровіч! Сакратарыят Саюза пісьменьнікаў Беларусі разгледзеў пытаньне аб выданьні твораў беспадстаўна асуджанага (...) пісьменьніка Лукаша Калюгі. Сакратарыят просіць выдаць кнігу выбраных твораў Л. Калюгі. Пасылаем Вам рукапіс для азнаямленьня і выкарыстаньня для друку. Сакратар Праўленьня СП БССР І. Мележ» [Кніга выбраных твораў Лукаша Калюгі «Ні госьць, ні гаспадар» выйшла ў 1974 г. у «Мастацкай літаратуры» — В. Дэ Эм]; Павал Кавалёў згадваў: «Ты старэйшы за мяне, — казаў ён [Мележ — В. Дэ Эм], — што ведаеш пра... — і называў прозьвішча таго ці іншага з паэтаў ці празаікаў, якія ў свой час былі незаслужана пакараны (...). Выслухаўшы адказ, нейкі час сядзеў маўклівы і задуменны. Відно было, што людзкое гора, пісьменьніцкую бяду ён успрымаў пакутліва».

Іван Мележ і Генадзь Бураўкін. 1972 г.

18. Яго злавала нацыянальная інэртнасьць і творчая імпатэнцыя беларускага кіно

«Фільмы нашай студыі (...) нізкай якасьці, неглыбокія і нудныя (...) расказваюць пра выпадковыя зьявы»; «...за многія гады студыя не вырасьціла, не вывела на шырокую творчую дарогу ніводнага беларускага актора. І наогул часьцей за ўсё ў беларускіх фільмах (...) месца для беларускіх актораў няма. Беларуская студыя стала па сутнасьці студыяй пракату актораў маскоўскіх, ленінградзкіх, адэскіх (...) не зьнялі ніводнага фільма, які б гаварыў на мове народа, беларускай мове».

19. Лічыў асноўнай бядой сваёй краіны татальную русыфікацыю

У артыкуле, прысьвечаным дзейнасьці беларускіх выдавецтваў, Іван Мележ пісаў: «Мала выдаецца на роднай мове палітычнай літаратуры, яшчэ менш — мэдыцынскай, і ўжо зусім зачынены дзьверы для беларускай мовы ў тэхнічную, эканамічную літаратуры, у навуковую, — амаль ва ўсе галіны навукі. (...) Можна прывесьці яшчэ нямала фактаў, якія сьведчаць пра ненармальныя адносіны да беларускай мовы ў многіх установах рэспублікі. (...) для нашага народа не прайшлі бясьсьледна дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі ўпартай русыфікацыі...»

Іван Мележ і Ніл Гілевіч. Пачатак 1970-х гг. (з архіву сям’і І. Мележа)

20. Яго любімы занятак — слухаць «Песьняроў» і гаварыць пра літаратуру

Дачка Людміла ўспамінала, што яе бацька быў абыякавы да заняткаў спортам, без вялікай ахвоты хадзіў на опэру і балет, але вельмі любіў творчасьць «Песьняроў», а таксама духоўна натхняўся, калі размаўляў пра літаратуру: «Часто папа говорил: „Всё. Пойду поговорю о литературе“. Набирал по телефону того или иного писателя (в основном он дружил с теми, кто был младше его) и беседовал о Кузьме Черном, Лукаше Калюге, Максиме Горецком и других своих любимых авторах. В доме тогда царила полная тишина, такой разговор мог длиться часами.»

Пляменьніца Міла, дачка Людміла, пляменьніца Ірына і яе дачка Насьця. 2011 г.

Аўтар выказвае падзяку дочкам Івана Мележа Людміле і Ларысе, унуку Івану і паэту Леаніду Дранько-Майсюку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.