«Мы з вамі!» Урады і палітыкі розных краінаў сьвету салідарныя зь Беларусьсю. Абнаўляецца

Акцыі з нагоды Дня салідарнасьці зь Беларусьсю, Вільня, 7 лютага 2021

Урадоўцы і палітычныя лідэры краінаў сьвету выказваюць сваю салідарнасьць і падтрымку беларускаму народу ў яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю

Міністар замежных справаў Даніі Епэ Кофад

«Данія — разам з народам Беларусі ў мірнай барацьбе за свабоду і дэмакратыю».

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі

«Пратэсты ў Беларусі працягваюцца з 9 жніўня 2020 году, калі былі сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары. Нягледзячы на затрыманьні, катаваньні і нават сьмерці, беларускі і беларусы па-ранейшаму змагаюцца за годнасьць, свабоду і дэмакратыю. Мы з вамі!»

МЗС Харватыі

«У Дзень салідарнасьці зь Беларусьсю Эўразьвяз паўтарыў сваю рашучую падтрымку і салідарнасьць зь беларускім народам у яго настойлівых закліках да дэмакратычнай будучыні і шанаваньня асноўных свабодаў і правоў чалавека».

Паўль Цыміяк, генэральны сакратар кіроўнай у Нямеччыне партыі «Хрысьціянска-дэмакратычны саюз»:

«Не прызнаны міжнароднай супольнасьцю, самаабвешчаны прэзыдэнт Беларусі — Аляксандар Лукашэнка — працягвае тэрарыстычную дэманстрацыю свайго сумнеўнага аўтарытэту: 35 000 мірных дэманстрантаў былі затрыманыя цягам апошніх 6 месяцаў».

Заява Дзярждэпартамэнту ЗША:

«Мы працягваем выказваць салідарнасьць з народам Беларусі. Вы праявілі выключную сілу і стойкасьць перад жорсткімі рэпрэсіямі. Нас натхняе вашая мужнасьць, калі вы адстойваеце права вырашаць будучыню Беларусі».

Міністарка замежных справаў Швэцыі Анн Ліндэ:

«Сёньня мы падкрэсьліваем салідарнасьць з народам Беларусі, які дамагаецца свайго права на свабодныя і справядлівыя выбары».

Міністар замежных справаў Канады Марк Гарно:

«Канада вылучыць 2,25 мільёна даляраў на падтрымку арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, якія працуюць над прасоўваньнем дэмакратыі ў Беларусі».

МЗС Ірляндыі:

«МЗС Ірляндыі з гонарам адзначае Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю, выказваючы падтрымку беларускаму народу, які працягвае сваю мірную і рашучую абарону дэмакратычных прынцыпаў».

МЗС Эстоніі:


«Народ Беларусі пасьля мірных пратэстаў выступае за свае асноўныя чалавечыя правы, свабоду і дэмакратыю. Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў і журналістаў; спыніць гвалт; весьці сапраўдны палітычны дыялёг; правесьці свабодныя, сумленныя выбары».

МЗС Гішпаніі:


«Беларусь працягвае патрабаваць дэмакратыі, асноўных свабодаў і правоў чалавека. Яе заклік да інклюзіўных, празрыстых і вартых даверу выбараў павінен быць пачуты і выкананы».

Прэзыдэнт Літоўскай Рэспублікі Гітанас Наўседа:


«Літоўцы ведаюць, што такое змагацца за свабоду. Літва рашуча падтрымлівае імкненне беларускай грамадзянскай супольнасці жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне!»

Супольная заява міністраў замежных справаў Эстоніі, Латвіі і Літвы


«Са жніўня жыхары Беларусі мірна выступалі за свабоду і дэмакратыю. Тыдзень за тыднем і месяц за месяцам Эстонія, Латвія і Літва былі ўражаныя іх мужнасьцю і імкненьнем да выкананьня асноўных правоў і свабодных і сумленных выбараў.

Улады Беларусі сустрэлі гэтую мужнасьць жорсткасьцю і беззаконьнем. Мэта зразумелая: здушыць галасы мірных дэманстрантаў, адмовіць ім у праве на свабоду мірных сходаў і здушыць іх законнае патрабаваньне свабодных і сумленных выбараў.

Сытуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца. Жорсткія разгоны ўладамі Беларусі мірных дэманстрантаў працягваюцца па сёньняшні дзень.

Эстонія, Латвія і Літва паўтараюць неаднаразовыя просьбы да беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых асобаў, уключаючы палітвязьняў і работнікаў СМІ, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Яны таксама заклікаюць беларускія ўлады пазьбягаць далейшага выкарыстаньня гвалту, весьці сапраўдны палітычны дыялёг з народам і забясьпечыць правядзеньне свабодных і сумленных выбараў у адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі і пад назіраньнем БДІПЧ АБСЭ.

Падобна таму, як народ Беларусі не стамляецца адстойваць свае асноўныя правы чалавека і супрацьстаяць гвалту, міжнародная супольнасьць павінна захоўваць сваю ўвагу да таго, што адбываецца ў Беларусі, уважліва сачыць за сытуацыяй і прымаць меры.

Сёньня ўвечары грамадзкія будынкі ў Эстоніі, Латвіі і Літве будуць асьветленыя беларускімі нацыянальнымі бел-чырвона-белымі колерамі, каб выказаць салідарнасьць з народам Беларусі».