Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы, распачатай «па факце масавых беспарадкаў» летась. Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміў начальнік УСК Сяргей Паско.
СК заяўляе, што падчас расьсьледаваньня выяўлены неаднаразовыя факты фінансаваньня незаконных масавых мерапрыемстваў, у тым ліку шляхам аплаты іншымі арганізацыямі і фізычнымі асобамі штрафаў за асобаў, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці ў сувязі зь іх удзелам у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
«У выніку названай дзейнасьці асобы, у дачыненьні да якіх прыменена адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе штрафу, фактычна адказнасьці не нясуць. Варта адзначыць, што прынцып індывідуальнай адказнасьці, прадугледжаны адміністрацыйным правам, азначае неабходнасьць выкананьня пакараньня непасрэдна асобай, якая прыцягнутая да адказнасьці. У іншым выпадку значэньне інстытуту асабістай адказнасьці цалкам нівэлюецца», — расказаў Сяргей Паско.
Паводле яго, сьледзтва выявіла значную колькасьць фактаў аплаты штрафаў іншымі арганізацыямі і фізычнымі асобамі за вінаватых асоб. На гэтыя сродкі Сьледчы камітэт з санкцыі пракурора наклаў арышт. Перад зацікаўленымі ведамствамі ініцыявалі правядзеньне працэсуальных дзеяньняў для спагнаньня грашовых сродкаў непасрэдна з правапарушальнікаў.
У лістападзе Сьледчы камітэт наклаў арышт на грошы, пералічаныя грамадзянам ініцыятывай By_help, і прызнаў яе каардынатара Аляксея Лявончыка падазраваным у крымінальнай справе. Ішлося пра сьпісаньне сродкаў у больш як 500 чалавек, якім дапамог фонд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: By_Help: «Улады сьпісалі грошы ў 500-600 чалавек, якім мы дапамаглі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне такі крок Нацбанку зьдзівіў». Сузаснавальнік фонду By_Нelp пацьвердзіў, што банкі вяртаюць сьпісаныя сродкі12 студзеня мэдыямэнэджара і журналіста Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі праз падазрэньне ў фінансаваньні пратэставай дзейнасьці — у прыватнасьці ў тым, што аплачвалі штрафы людзей, затрыманых падчас акцый, кампэнсавалі кошт іх утрыманьня ў ЦІП і ізалятарах. Паводле інфармацыі МУС, неабходныя для гэтага сродкі яны атрымлівалі з-за мяжы. У дачыненьні да іх распачалі справу па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенаму журналісту Андрэю Аляксандраву прад’явілі абвінавачаньне«Збор добраахвотных ахвяраваньняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці толькі за факт удзелу ў мірных сходах і рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека свабодаў мірных сходаў і выказваньня думкі, ня мае нічога агульнага зь фінансаваньнем якой бы там ні было супрацьпраўнай дзейнасьці і, адпаведна, не зьяўляецца злачынствам», — гаварылася ў заяве беларускіх праваабарончых арганізацый, якія прызналі Аляксандрава і Злобіну палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну прызналі палітвязьнямі