Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за студзень скараціліся на 265 млн даляраў

  • БелаПАН

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за студзень скараціліся на 265 млн долараў, або на 3,5%, і на 1 лютага склалі 7 млрд 203,4 млн даляраў, паведамляе Нацыянальны банк.

Паводле інфармацыі рэгулятара, скарачэньне рэзэрваў абумоўлена пагашэньнем дзяржавай «вонкавых і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце на агульную суму 410,6 млн долараў ЗША, а таксама зьмяншэньнем цаны на манэтарнае золата».

«Падтрыманьню ўзроўню золатавалютных рэзэрваў у студзені спрыяла паступленьне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце», — удакладняе Нацбанк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На колькі Беларусі хопіць золатавалютных рэзэрваў бяз новых пазык? Разьбіраемся

Рэгулятар нагадвае, што, згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год, міжнародныя рэзэрвовыя актывы да канца году павінны скласьці не менш за 6 млрд долараў ЗША.

На мінулым тыдні першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Сяргей Калечыц на пашыраным пасяджэньні праўленьня адзначыў, што далейшае зьніжэньне рэзэрваў у 2021 годзе чакаецца ў сувязі зь неабходнасьцю выплат па дзяржаўным доўгу ў памеры 3,3 млрд долараў.

«У існых эканамічных умовах прагназаванае зьніжэньне золатавалютных рэзэрваў да велічыні, эквівалентнай ня менш як двум месяцам імпарту тавараў і паслуг, не нясе празьмерных рызык для макраэканамічнай стабільнасьці», — запэўніў першы намесьнік кіраўніка Нацбанку.

За 2020 год золатавалютныя рэзэрвы істотна скараціліся — на 1,9 млрд долараў ЗША, або на 20,5% (на пачатак 2020-га яны складалі 9,4 млрд долараў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2020 год золатавалютныя рэзэрвы Беларусі скараціліся на 1,9 млрд даляраў

Летась рэзэрвы істотна зьніжаліся двойчы: у сакавіку — на 1 018,4 млн долараў, у жніўні — на 1 399,8 млн. Зьмяншэньне рэзэрваў было абумоўленае ростам дэвальвацыйных чаканьняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам.

На фоне ўзмацненьня дэвальвацыйных чаканьняў насельніцтва ў 2020 годзе купіла замежнай валюты на 1 969,8 млн долараў больш, чым прадало.

У кастрычніку беларускія ўлады, калі разьлічваліся па даўгах за газ, прыцягнулі крэдыт Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця на 500 млн долараў, што дазволіла крыху павялічыць золатавалютныя рэзэрвы.

Акрамя гэтага, у канцы сьнежня ў Беларусь паступіў першы транш на 500 млн долараў дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расеі. Чакаецца, што другі транш на такую ж суму будзе пералічаны сёлета.