Ён уступіць на пасаду з 16 лютага. Флай аднаўляе сваё кіраўніцтва Радыё Свабода пасьля сыходу з пасады ў чэрвені 2020 году.
«Я рады вярнуцца на пасаду прэзыдэнта Радыё Свабода, каб узначаліць мэдыякарпарацыю ў гэтыя складаныя часы», — сказаў Флай. Ён падкрэсьліў, што ганарыцца журналістамі і супрацоўнікамі, якія, нягледзячы на пандэмію і іншыя выклікі, сумленна і аб’ектыўна працягваюць даносіць інфармацыю тым, хто ў ёй больш за ўсё мае патрэбу. «Для мяне будзе гонарам зноў працаваць побач зь імі», — заявіў Флай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джэймі Флай абвясьціў пра сыход з пасады прэзыдэнта карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё СвабодаФлай быў упершыню прызначаны прэзыдэнтам Радыё Свабода ў жніўні 2019 году. У чэрвені летась ён абвясьціў аб адстаўцы. Рашэньне аб звальненьні прыняў тагачасны кіраўнік Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя Майкл Пэк.
Флай — спэцыяліст у галіне зьнешняй палітыкі. Ён працаваў у фондзе Германа Маршала і Кангрэсе ЗША, займаў розныя кіроўныя пасады ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і Міністэрстве абароны Злучаных Штатаў.
Быўшы прэзыдэнтам Радыё Свабода, Флай неаднаразова крытыкаваў улады многіх краінаў за парушэньне правоў журналістаў і ўзмацненьне жорсткасьці заканадаўства ў дачыненьні да СМІ.
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Аўдыторыя мэдыякарпарацыі перавышае 40 мільёнаў чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РСЭ/PC абвінаваціла кіраўніка каардынацыйнай арганізацыі ў палітычным ціску