Усіх супрацоўнікаў менскай крамы Symbal.by пакаралі арыштам

Архіўнае фота. Чарга ў Symbal.by пасьля абвяшчэньня аб закрыцьці крамы. Менск, 23 чэрвеня 2020 году

4 лютага ў судзе Савецкага раёну Менску разгледзелі справы яшчэ дзьвюх супрацоўніц крамы Symbal.by — Анастасіі Трафімчык і Вольгі Ігнатовіч.

Іх судзілі паводле двух пратаколаў: арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП, паведамляюць назіральнікі Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Судзьдзя Марына Фёдарава прызнала Анастасію Трафімчык вінаватай у непадпарадкаваньні службовай асобе і пакарала яе 15-дзённым арыштам. Пратакол па арт. 23.34 КаАП судзьдзя накіравала на дапрацоўку.

Судзьдзя Сяргей Шаціла гэтаксама прысудзіў Вользе Ігнатовіч 15 дзён арышту за непадпарадкаваньне, а пратакол па артыкуле 23.34 КаАП накіраваў на дапрацоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ці то крымінальная справа, ці то праверка». Што адбываецца з Symbal.by
  • Чатырох супрацоўнікаў інтэрнэт-крамы Symbal.by затрымалі 30 студзеня. Тады ў краму на праспэкце Машэрава, 18 завіталі супрацоўнікі Аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і пасьля сямігадзіннага апісваньня маёмасьці і тавараў вынесьлі з крамы ўсю тэхніку і тавар кампаніі, а супрацоўнікаў крамы, якія прыехалі туды, павезьлі ў РУУС Савецкага раёну. Да суду ўсё чацьвёра знаходзіліся ў ізалятары.
  • 3 лютага дырэктара крамы Мікіту Броўку і бухгальтарку Ксенію Міклашэўскую асудзілі за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне — агулам на 20 дзён арышту.
  • Праблемы ў менскай крамы symbal.by пачаліся яшчэ ў чэрвені, у кур’ера крамы канфіскавалі наклад маек з надпісам «ПСІХО3%». Пасьля ў краму зачасьцілі праверкі з МНС, пастаянна прападала сьвятло. За перавоз цішотак суд аштрафаваў краму больш як на 2 тысячы рублёў.
  • 23 чэрвеня МНС выдала краме шэраг прадпісаньняў аб ліквідацыі парушэньняў. Тады Symbal.by абвясьціў, што з 29 чэрвеня спыняе працу. У той жа вечар, 23 чэрвеня, людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сымболікай. Да крамы пад’ехаў аўтазак зь сілавікамі, пачаліся затрыманьні. На некаторых склалі пратаколы паводле арт. 23.4 і 23.34 КаАП.