«Спэцапэрацыю зрабілі». У жыхара Наваградку забралі машыну, бо ён не сплаціў штрафу за мітынг

Гарадзкая плошча ў Наваградку, ілюстрацыйнае фота

У наваградца Ўладзімера Буйко забралі аўтамабіль, дзеля гэтага нават арганізавалі пагоню зь мігалкамі. Раней ён не аплаціў штрафу за ўдзел у мітынгу.

Як расказала сяброўка Ўладзімера Буйко Ірына, увечары 3 лютага Ўладзімер вяртаўся дахаты на машыне, заехаў у краму каля дома. Заўважыў, што ў яго пільна ўзіраецца незнаёмец, пры гэтым размаўляе зь некім праз тэлефон. Калі ўжо вяртаўся дадому, убачыў, што за ім едзе ДАІ зь мігалкамі.

Ірына

«Яны тут такую спэцапэрацыю [зрабілі]... Машына [Ўладзімера] падгароджаная, машын наспынялі, людзі ўжо стаялі: „Што вы робіце?“, людзей спынялі... Яны сталі рабіць усё вельмі напаказ», — расказвае Ірына, якая была сьведкай сытуацыі.

У двары супрацоўнікі ДАІ патлумачылі Буйко, што забіраюць ягоную машыну на штрафстаянку. Афіцыйная прычына — паўторнае кіраваньне аўтамабілем без правоў (частка 2 артыкулу 18.19 КаАП Беларусі).

Пратакол Буйко за тое, што ехаў без правоў

Як ён потым зразумеў са словаў супрацоўнікаў ДАІ, неафіцыйная прычына ў тым, што ня выплаціў 675 рублёў штрафу за ўдзел у мітынгу. Машыну паабяцалі вярнуць, калі аплаціць суму. Сам Буйко беспрацоўны, таму вылічыць штраф з заробку прымусова ня могуць. Ягоны двудзьверны стары Rover каштуе на рынку каля 1000 даляраў. Мужчыну раней некалькі разоў судзілі за адміністрацыйны артыкул 23.34, ён двойчы атрымліваў «суткі» і адзін раз штраф.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ДАІ Магілёва пакарала кіроўцу за бел-чырвона-белую налепку

Ірына ў двары стала запісваць прозьвішчы супрацоўнікаў ДАІ, якія прыехалі апісваць машыну. Яны прадставіліся: Навумчык, Палуян, Бандалевіч.

Буйко атрымаў 675 рублёў штрафу за ўдзел у мітынгу

«Адзін зь іх быў вельмі малады хлопец. Напэўна, зусім нядаўна працуе... І ён, як дзяўчына хлопцу, кладзе галаву на плячо свайму начальніку і на вуха пытаецца: «Чаму яна запісвае нашыя прозьвішчы?», — прыгадвае Ірына, як ня ўсе супрацоўнікі называлі сябе ахвотна.

Пасьля гэтага Ўладзімера Буйко забралі, каб зьняць адбіткі пальцаў. Па дарозе даішнік расказаў яму, што за ім ехалі мэтанакіравана, быў загад забраць ягоны аўтамабіль. Прыкладна праз гадзіну Буйко адпусьцілі дадому.

Ірына абурылася, што некалі пазычыла знаёмай 1800 даляраў, тая не аддала, але Ірына выйграла суд у справе. Аднак ёй не дапамаглі спагнаць гэтыя грошы са знаёмай, не арыштавалі, напрыклад, ейную машыну.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.