Судзьдзя суду Заводзкага раёну Менску Дзьмітры Астапенка адправіў пратэстоўца Івана Зубко на 3 гады «хіміі». Зубко адправяць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, піша «Вясна».
Івана прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў «групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула за сабой парушэньне працы грамадзкага транспарту», па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
«На бліжэйшыя тры гады стану рабом», — сказаў Іван Зубко, ацэньваючы прысуд.
Пад арыштам падсудны быў з 16 лістапада. Меру стрыманьня Івану зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе — і адпусьцілі пасьля вынясеньня прысуду. Пазоў аб шкодзе «Мінсктрансу», якую раней ацанілі ў 10 689 беларускіх рублёў, пакуль не разглядалі. На мабільны тэлефон і пляншэт Зубко накладзены арышт.
Абаронца Івана Зубко падчас спрэчкі бакоў адзначыла, што праспэкт перакрыў спэцаўтатранспарт АМАПу.
Па падзеях 1 лістапада 2020 году Лукашэнкавы сілавікі завялі адразу 231 крымінальную справу супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. 15 студзеня ў Першамайскім судзе вынесьлі першы прысуд, 47-гадоваму Міхаілу Глухоўскаму прысудзілі, як і Зубко, 3 гады «хіміі», але без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хімія» і «хатняя хімія»: у Менску вынесьлі першы прысуд за шэсьце ў Курапаты і асудзілі яшчэ аднаго палітвязьня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшаў палітвязень Юры Савіцкі, суд пастанавіў адправіць яго на «хімію» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўца, які раскідаў самарэзы каля будынкаў сілавых органаў, адправілі на «хімію»