Прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка заявіў у эфіры СТВ, што большасьць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу «выступае за захаваньне моцнай прэзыдэнцкай улады».
Паводле Галоўчанкі, дзейная Канстытуцыя не састарэла і «няма настроенасьці, што трэба нешта зламаць».
Ён адзначыў, што пры ўсіх прапанаваных навацыях агульная лінія зводзіцца да таго, што «мы не павінны аслабіць прэзыдэнцкую ўладу, якая сцэмэнтавала краіну, і дазволіла ўстаяць перад вось гэтым шалёным націскам, які мы нядаўна зазналі».
У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
У жніўні 2020 на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня выбараў прэзыдэнта Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
У канцы лістапада 2020 Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
У сьнежні Лукашэнка заявіў, што Ўсебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі як мінімум да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 16% беларускіх гараджанаў лічаць, што Усебеларускі сход выказвае меркаваньне народу — апытаньне Chatham house ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дарадца расейскага ўраду Андэрс Осьлюнд пра грошы Лукашэнкі, «Беларуськалій» і КГБ