Мастак ставіцца да ініцыятывы ўладаў як да «нябачанага дасюль дурноцьця». Пра гэта Мікола Купава расказаў у інтэрвію «Народнай Волі».
«Як можна забараніць сьцяг, за якім — стагодзьдзі гісторыі? Пры чым тут нейкія немцы, пры чым паліцаі? Упершыню бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся на гравюры 1444 году! На той гравюры — бітва з туркамі пад Варнай, у якой таксама ўдзельнічалі войскі ВКЛ. Бел-чырвона-белыя сьцягі масава паказаны на славутай карціне «Бітва пад Воршай 1514 году».
У 1917-м, яшчэ да абвяшчэньня БНР, вайскоўцы-беларусы былой царскай арміі ўпрыгожвалі свае мундзіры бел-чырвона-белымі стужкамі і значкамі. Таму Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў 1918-м, ствараючы сьцяг для БНР, нічога не выдумляў, ён проста ўзяў правераны стагодзьдзямі сымбаль. Купава памятае, як у 1990 годзе ў Полацку ўладыка Філарэт урачыста асьвяціў бел-чырвона-белы сьцяг, які праз год стаў дзяржаўным.
«Бел-чырвона-белыя палоскі, якія сымбалізуюць кроў Хрыста, абавязкова прысутнічаюць на біскупскім аблачэньні. Дык што, Генэральная пракуратура цяпер і Хрыста будзе судзіць?!»
Вялікую колькасьць падпісантаў пэтыцыі ў абарону нацыянальнага сьцягу Купава патлумачыў тым, што «сьцяг прыняў увесь народ». Нацыянальныя сымбалі мастак лічыць непадсуднымі, і яны не залежаць ад палітычнага ладу.
Напярэдадні Мікола Купава адсьвяткаваў сваё 75-годзьдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Мікола Купава, які стварыў эталён нацыянальнага сьцягу, адзначае 75-гадовы юбілей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй у абарону бел-чырвона-белага сьцяга за другі дзень вырасла да 70 тысяч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона нацыянальнай сымболікі ператварае пратэст у нацыянальна-вызвольны рух ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Мова новых сьцягоў