2 лютага 80-гадовы юбілей адзначае першы кіраўнік дыпляматычнай місіі незалежнай Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, мовазнаўца Пётра Садоўскі.
На віншаваньні ад Свабоды Пётра Вікенцевіч рэагуе ўсьмешкай. Як аказалася, ён спраўляе юбілеі двойчы: адзін раз — паводле ўзросту, другі — паводле пашпарта.
«Па пашпарце — так, мне 80, але па жыцьці 82, — удакладняе ён. — Пасьля вайны так званыя райсабесы маладзілі, каб атрымліваць дзяржаўныя сродкі. Я быў сынам загінулага партызана, маці — інвалід вайны. Дык нам плацілі нейкія невялікія грошы. Каб працягнуць гэтую дапамогу, пазначалі пазьнейшымі гадамі, асабліва хлопцаў. Вось і мяне запісалі 1941-м. Дакумэнтаў ніякіх не было, усё згарэла...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пётра Садоўскі: наступствы непрызнаньня Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам могуць быць вельмі сур’ёзныя«Да сваёй волі беларусам давядзецца бегчы маратон»
У пачатку 1990-х Пётра Садоўскі быў у ліку дэпутатаў незалежнасьці, якія прысьпешылі глябальныя пераўтварэньні для Беларусі і яе грамадзянаў. Ён прызнаецца, што ў атмасфэры тагачаснай эўфарыі і падумаць ня мог, куды скоціцца краіна за наступныя 30 гадоў — у беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і пэрспэктыву канцлягераў.
«Памятаю, калі Беларускі народны фронт вылучаў дэпутатаў у наш Вярхоўны Савет, усе былі прыклееныя да тэлевізараў, чакалі, калі на Зьезьдзе народных дэпутатаў у Маскве выступіць акадэмік Сахараў ці хтосьці зь яго паплечнікаў. Была эўфарыя, думалі, што зараз усё адразу і памяняецца. Тады ў Менску па праспэкце хадзілі з прымачамі, каб нічога не прапусьціць, паўсюль абмяркоўвалі кожную прамову. Быў такі рамантычны ўздым, які шмат у чым аказаўся ілюзіяй», — кажа Пётра Садоўскі.
Тым ня менш ён дадае, што быў і застаецца аптымістам. Проста беларусам да поўнага вызваленьня наканавана прайсьці маратонскую дыстанцыю. А гэта зусім нялёгкае выпрабаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрарызм і разбой». Былыя дэпутаты заклікалі да новых выбараў«Калі ад імя Фронту летась 24 ліпеня мы рабілі заяву, дык наўпрост казалі: 9 жніўня — гэта толькі адзін зь дзён змаганьня за Беларусь. Падкрэсьлівалі, што давядзецца бегчы маратон, што тут і цяпер нічога не атрымаецца. Шмат у каго былі падманлівыя чаканьні імгненных зьменаў, але ж мы спрактыкаваныя змагары. Былі першымі, каго людзі ў масках зьбівалі дубінкамі, каго спрабавалі зламаць, дыскрэдытаваць. У пэўным сэнсе сёньня гісторыя паўтараецца, адзінае, у больш вычварэнскім выглядзе», — адзначае дэмакратычны палітык.
Запрасіў Ніну Багінскую на сьвяткаваньне перамогі
Што да небывалай грамадзянскай актыўнасьці, якую беларусы прадэманстравалі летась, то, па яго словах, удала зьбегся цэлы шэраг абставінаў.
«Тут і каранавірус, і новыя тэхналёгіі з тэлеграм-каналамі, і тое, што праз ковідныя забароны людзі не разьехаліся на заробкі і ў адпачынак. Нарэшце, сам па сабе Лукашэнка проста ўсіх дастаў. Зноў жа, зарэгістравалі, не падумаўшы, Ціханоўскую. Калі пачалі хапаць, забараняць, толькі больш народ накруцілі, атрымалі эфэкты разарванай бомбы. Але я аптыміст. Прысьніў, што 13 траўня Лукашэнка падавіцца срэбнай лыжкай. Сваёй сяброўцы Ніне Багінскай так і паведаміў: сустрэнемся каля стэлы 13 траўня, будзем адзначаць», — сьмяецца Пётра Садоўскі.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, некалькі разоў у апошнюю выбарчую кампанію экс-дэпутата і амбасадара затрымлівалі за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах» і затым судзілі. Ён быў фігурантам спраў за пратэсты супраць інтэграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На фота зусім іншы чалавек». Як першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне судзілі за пратэсты супраць інтэграцыі«У канцы 2019 году перажыў два суды, агулам выпісалі прыкладна 1000 даляраў штрафаў, далі на поўную катушку. — За тое, што ў сьнежні выйшаў на плошчу, прасьпяваў купалаўскую песьню „У бары, бары тры дарожанькі“ і прачытаў верш Някляева. Два творы ацанілі па 30 базавых кожны. Дзякуй людзям, дапамаглі сабраць грошы. Тады яшчэ не было такога гвалту, цяпер маглі б і пасадзіць, ужо не глядзяць, пэнсіянэр ці яшчэ хто. І ўсё ж, паўтаруся, я веру ў лепшае, беларусы ўжо досыць напакутваліся», — расказвае ён.
Першы амбасадар і дэпутат незалежнасьці
Паводле дакумэнтаў, Пётра Вікенцевіч Садоўскі нарадзіўся 2 лютага 1941 году (паводле зьвестак яго самога — у 1939-м). Беларускі мовазнаўца, палітык, дыплямат. Кандыдат філялягічных навук.
Падлеткам стаў курсантам Менскай сувораўскай вучэльні, пасьля чаго вучыўся ў Менскім Дзяржаўным пэдагагічным інстытуце замежных моваў. Валодае нямецкай, ангельскай, гішпанскай ды францускай мовамі.
Быў сябрам прэзыдыюму і старшынём камісіі ў замежных справах Вярхоўнага Савету БССР і Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня. Падчас парлямэнцкай дзейнасьці быў чальцом фракцыі Беларускага народнага фронту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, які абвясьціў незалежнасьцьЛетам 1992 году прызначаны кіраўніком дыпсмісіі Беларусі ў Нямеччыне, стаў першым амбасадарам незалежнай Беларусі. Выпраўлены ў адстаўку ў кастрычніку 1994-га ўказам толькі што абранага прэзыдэнта Лукашэнкі.
Пасьля адстаўкі займаўся грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. Аўтар кнігі ўспамінаў «Мой шыбалет», якая ў 2008 годзе выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».