Пракуратура Заводзкага раёну Менску прыслала адказ на зварот журналіста Ігара Ільяша, які лічыць, што ў дзеяньнях Рыгора Азаронка ёсьць склад злачынства паводле арт. 203 КК («Парушэньне тайны ліставаньня»), піша «Белсат».
13 студзеня на тэлеканале СТВ выйшла праграма Азаронка «Тайныя спружыны палітыкі», у якой ён абвінаваціў палітзьняволеную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву ў тым, што 15 лістапада 2020 году яна праз стрым нібыта кіравала пратэстамі і асабістым прыкладам «натхняла мяцежнікаў». Азаронак назваў Кацярыну «чыстай крымінальніцай», «замежным агентам», зь якімі падчас вайны «разьбіраўся СМЕРШ».
У сюжэце ён выкарыстаў скрыншоты прыватнага ліставаньня журналіста Ігара Ільяша, мужа Кацярыны, з кіраўніком Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргеем Таміленкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азаронак атрымаў мэдаль «За адвагу». Мукавозчык — «За працоўныя заслугі»15 студзеня Ігар Ільяш накіраваў у міліцыю і пракуратуру заяву з просьбай правесьці праверку і распачаць крымінальную справу супраць Азаронка. Ільяш таксама патрабаваў высьветліць, як да таго трапілі скрыншоты прыватнага ліставаньня. Калі гэта трапіла ад сілавікоў, якія арыштавалі тэхніку Ільяша ў межах крымінальнай справы супраць ягонай жонкі, то тады трэба было б прыцягнуць да адказнасьці іх за выдаваньне зьвестак папярэдняга сьледзтва (ч. 2 арт. 407 КК).
Калі ж сілавікі не перадавалі гэтых скрыншотаў Азаронку, значыць, той мог атрымаць доступ да ліставаньня, толькі ўзламаўшы старонку Ільяша ў Facebook, што можа быць кваліфікавана паводле арт. 349 «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра ўкраінскіх экспэртаў, якія выступаюць на БТ у падтрымку ЛукашэнкіПракурор Заводзкага раёну Менску Аляксандар Кулакоўскі адмовіўся заводзіць крымінальную справу супраць прапагандыста Азаронка.
«Устаноўлена, што вашая заява аб зьдзяйсьненьні Азаронкам і іншымі асобамі злачынстваў заснавана на здагадках, няма прыкметаў [...] злачынства», — адзначаецца ў адказе пракурора.
Ігар Ільяш мае намер абскардзіць такі адказ пракуратуры. Ён лічыць яго цалкам неабгрунтаваным.
«У чым тут здагадкі, калі Азаронак апублікаваў фрагмэнты майго асабістага ліставаньня ў этэры дзяржаўнага тэлеканалу? Мне здаецца, што такім чынам пракуратура проста хоча пазьбегнуць непасрэднай ацэнкі дзеяньняў Азаронка. [...] Дык усё ж парушаць тайну ліставаньня, публікаваць прыватную перапіску іншых асобаў у Беларусі можна? Ці гэта можна толькі дзяржаўным прапагандыстам і спэцслужбам?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапейскі вяшчальны зьвяз накіравалі ліст з просьбай выключыць з арганізацыі Белтэлерадыёкампанію