Карэспандэнтка швайцарскай тэлерадыёкампаніі SRF Люцыя Чыркі (Luzia Tschirky) была затрыманая 31 студзеня і правяла некалькі гадзін у менскай міліцыі. У той дзень адбываліся акцыі пратэсту, аднак Чыркі кажа, што яна і знаёмая з мужам ішлі ў кавярню, калі іх усіх затрымалі.
Чыркі мае акрэдытацыю беларускага МЗС. Яна кажа, што паказвала супрацоўнікам у форме свой пашпарт і акрэдытацыю, але ўсё роўна апынулася ў РУУС. Толькі пасьля ўмяшаньня швайцарскай амбасады яе вызвалілі празь некалькі гадзін.
«Лічу, што гэта было чыстае беззаконьне», — сказала журналістка свайму СМІ пасьля вызваленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарскай журналістцы, якую затрымлівалі ў Менску, не дазвалялі патэлефанаваць у амбасадуНа сустрэчы ў Дэпартамэнце замежных спраў Швайцарыі паслу Беларусі Аляксандру Ганевічу паведамілі, што Швайцарыя асуджае затрыманьне журналісткі і патрабуе вызваленьня «ўсіх незаконна затрыманых». Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на старонцы Дэпартамэнту ў Twitter.