«Міратворчасьць — адзін са спосабаў рэалізацыі мірных ініцыятываў. Беларусь сёньня ўдзельнічае ў гэтым працэсе, накіраваўшы афіцэраў у 2 місіі — міратворчую ў Лібане (пад эгідай ААН) і маніторынгавую ва Ўкраіне (у рамках АБСЭ)», — паведамілі БелТА ў Мінабароны.
Таксама ў Мінабароны паведамілі, што пастаянна вядуць пошук новых напрамкаў, аддаючы прыярытэт гуманітарным місіям. Гаворка ідзе пра суправаджэньне гуманітарных грузаў, наданьне мэдычнай дапамогі, гуманітарнае разьмінаваньне мясцовасьці і аб’ектаў, патруляваньне і гарантаваньне бясьпекі пунктаў пропуску і транспартных камунікацый, працу штабных афіцэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск хоча пашырыць сваю місію ў складзе міратворцаў ААН у Лібане
У жніўні 2020 году Беларусь пашырыла свой удзел у місіі Часовых сіл ААН у Лібане. Дадаткова ў склад італьянскага кантынгенту накіравалі 2 штабных афіцэраў, паведамілі ў міністэрстве. Цяпер прапрацоўваюць магчымасьць далейшага пашырэньня ўдзелу ў місіі ў Лібане.
«На ўзроўні кансультацый у распрацоўцы знаходзіцца і пытаньне аб удзеле нашых вайскоўцаў у місіях у іншых дзяржавах. Вывучаюцца магчымасьці нашага знаходжаньня ў складзе тых ці іншых кантынгентаў, спосабы выкананьня задач, пытаньні бясьпекі і іншыя», — дадаюць у Мінабароны.
У ведамстве падкрэсьлілі, што ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам для ўдзелу ў дзейнасьці па падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі накіроўваюць толькі вайскоўцаў, якія праходзяць службу па кантракце, і выключна на добраахвотнай аснове. Акрамя таго, без заключэньня міжнародных дамоўленасьцяў паміж дзяржавамі накіраваньне вайскоўцаў за межы Беларусі немагчымае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны абвергла прысутнасьць беларускіх вайскоўцаў у Сырыі31 студзеня ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BYPOL са спасылкай на ўласную інфармацыю паведаміла, што ў Заходняе і Паўночна-заходняе апэратыўнае камандаваньне ўзброеных сілаў Беларусі прыйшла разнарадка на вылучэньне вайскоўцаў для патруляваньня тэрыторый у Сырыі. Першых байцоў у колькасьці 300 чалавек з кожнага камандаваньня, паводле BYPOL, меркавана павінны адправіць у Сырыю ў верасьні 2021 году, ім паабяцалі плаціць каля $2000 за месяц.