Як паведаміла прэсавая служба Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, аб забароне яму паведамілі ў часе памежнага кантролю ў пункце пропуску аэрапорту «Барыспаль».
На відэазапісе, апублікаваным украінскімі памежнікамі, Валер Дайнэка прызнае, што летась наведваў Крым для ўдзелу ў песенным фэстывалі: «Я там быў сябрам журы і ўдзельнікам фэстывалю».
Памежніца патлумачыла беларускаму сьпеваку, што Крым можна наведваць, але толькі з тэрыторыі Ўкраіны, а не праз Расею.
«За парушэньне ўкраінскага заканадаўства памежнікі забаранілі грамадзяніну Беларусі ўезд на тэрыторыю Ўкраіны на 3 гады», — удакладніла Сьвятлана Бурда, прадстаўніца прэсавай службы памежнага паста «Кіеў».
Валер Дайнэка паведаміў Свабодзе, што яму ў пашпарт ня ставілі штамп аб забароне наведваньня Ўкраіны. «Паставілі толькі адзнакі аб перасячэньні мяжы і не далі ніводнага дакумэнту, у якім бы гаварылася аб забароне», — сказаў сьпявак.
Паводле яго, пасьля леташняга наведваньня Крыму праз аэрапорт у Сімфэропалі ён наведваў Украіну аднойчы летась і ўжо сёлета:
«10 дзён таму я прыляцеў у Запарожжа, быў у Дняпры ў сябра на сьвяткаваньні дня нараджэньня, потым паляцеў яшчэ да аднаго сябра ў Віньніцу. І ўсё было нармальна, а ўчора цягам гадзіны пратрымалі на посьце, злавілі „злачынца“ і паведамілі пра забарону».
Валеры Дайнэка ў 1977–1992 гадах працаваў салістам ансамбля «Песьняры», а цяпер — «Беларускіх песьняроў».