Журналістку тэлеканала «Белсат» Кацярыну Андрэеву этапавалі з Жодзіна ў Менск, паведаміў БелаПАН адвакат Уладзімер Сазанчук.
Цяпер Кацярына мае знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
9 лютага ў судзе Фрунзенскага раёну Менск3 прызначылі разгляд справы карэспандэнтак «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар'і Чульцовай. Працэс пачнецца а 10-й гадзіне пад старшынствам судзьдзі Натальлі Бугук.
Андрэеву і Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру зь месца разгону сілавікамі дэманстрантаў – на «плошчы Пераменаў» у Менску (двор на вуліцы Чарвякова).
Абедзьвюм прадʼявілі абвінавачаньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Журналісткам таксама ставіцца ў віну нанясеньне шкоды «Менсктрансу» на 11 562 рублі 14 капеек. Нібыта ў выніку іх дзеяньняў была парушана праца грамадзкага транспарту: 13 аўтобусных, трох тралейбусных і трох трамвайных маршрутаў.
Беларускія праваабаронцы прызналі журналістак палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакаты Барысевіч спадзяюцца, што яе справу будуць разглядаць у адкрытым рэжыме ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова за кратамі ўжо 70 дзён ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта неабвержныя доказы гвалтоўнай сьмерці»,— сястра Рамана Бандарэнкі пра расьсьледаваньне BYPOL