Жыхар Століншчыны папрасіўся на Ўсебеларускі народны сход, яму адказалі праз 2 тыдні

Усебеларускі народны сход у 2016 годзе

Улады адмовілі і параілі чытаць раённую газэту.

Міхаіл Прыко адзначыў, што сьпіс усіх дэлегатаў ад Століншчыны вызначылі ў той самы дзень, калі Лукашэнка падпісаў указ аб скліканьні сходу.

Жыхар вёскі Хорск Столінскага раёну Міхаіл Прыко пажадаў прыняць удзел ва Ўсебеларускім народных сходзе і накіраваў у Столінскі райвыканкам зварот з просьбай патлумачыць яму парадак выбраньня дэлегатаў. Ён папрасіў адказаць яму цягам 5 дзён, бо да даты правядзеньня форуму заставалася зусім мала часу. Адказ прыйшоў праз 2 тыдні, піша «Медиа-Полесье».

У ім гаворыцца, што арганізацыйныя камітэты па падрыхтоўцы і правядзеньні VI Усебеларускага народнага сходу ўтвораны ў адпаведнасьці з распараджэньнем прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычнiка 2020 г. № 212. У Століне такі аргкамітэт утварылі на падставе распараджэньня старшыні райвыканкаму 5 лістапада.

Згодна з квотай Берасьцейскага абласнога арганізацыйнага камітэту, Столінскі раён на сходзе прадставяць 16 чалавек. Сьпіс кандыдатаў зь ліку дэпутатаў мясцовых саветаў вызначылі на сумесным пасяджэньні аргкамітэту і прэзыдыюму Столінскага раённага Савету дэпутатаў 28 сьнежня 2020 году, а ўжо 5 студзеня 2021 году зацьвердзілі на сэсіі райсавету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 16% беларускіх гараджанаў лічаць, што Усебеларускі сход выказвае меркаваньне народу — апытаньне Chatham house

На пасяджэньні аргкамітэту абмеркавалі і кандыдатуры ад грамадзкіх аб’яднаньняў колькасьцю ня меней за 100 тысяч сяброў. Іх далі на зацьвярджэньне кіроўным органам рэспубліканскага ўзроўню.

Такім чынам, дэлегаваць Міхаіла Прыко на Ўсебеларускі народны сход не «ўяўляецца магчымым».

Замест гэтага Столінскі райвыканкам рэкамэндаваў Міхаілу прыняць удзел у працы «дыялёгавых пляцовак і грамадзкіх прыёмных», чытаць раённую газэту, а за актуальнай інфармацыяй аб VI Усебеларускім народным сходзе сачыць на афіцыйным сайце гэтага форуму і ў сацыяльных сетках.

Міхаіл Прыко адрэагаваў на такі ліст з боку мясцовых чыноўнікаў словамі «беглі наперадзе паравоза». Указ Лукашэнкі № 492 «Аб скліканьні шостага Ўсебеларускага народнага сходу» падпісаны 28 сьнежня, і ў гэты ж дзень у Століне вызначыліся з кандыдатамі ў дэлегаты. А поўны сьпіс дэлегатаў да гэтага часу не апублікавалі. Вядомыя толькі некалькі прозьвішчаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запусьцілі пэтыцыю супраць дыскрымінацыі прыватнікаў пры вылучэньні на Ўсебеларускі народны сход
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усебеларускі сход можа зьмяніць статус. Разьбіраемся, навошта гэта ўладам