Вайсковы пераварот у М'янме: арыштавалі прэзыдэнта і нобэлеўскую ляўрэатку Аўн Сан Су Чы

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі М'янмы Мін Аўнг Глайнг.

Вайскоўцы Мʼянмы зрабілі дзяржаўны пераварот, затрымаўшы фактычную лідэрку краіны Аўн Сан Су Чы і іншых дзеячоў кіроўнай партыі падчас рэйду 1 лютага.

1 лютага падкантрольны арміі тэлеканал «Myawaddy» абвясьціў надзвычайнае становішча на 1 год нібыта для падтрымкі «стабільнасьці» на фоне выбарчых спрэчак.

Згодна зь іх заявай, новым выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы стаў генэрал М’інг Сўэ, які раней быў першым віцэ-прэзыдэнтам. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Мін Аўнг Глайнг атрымаў кантроль над «заканадаўствам, адміністрацыяй і судовай сыстэмай».

Аўн Сан Су Чы.

Пра гэта паведамілі празь некалькі гадзін пасьля таго, як вайскоўцы затрымалі Аўн Сан Су Чы, якая займала пасаду дзяржаўнай дарадцы (фактычна прэмʼер-міністра краіны), прэзыдэнта Віна М'іна і іншых высокапастаўленых дзеячоў кіроўнай Нацыянальнай лігі за дэмакратыю (НЛД).

ЗША, Аўстралія і іншыя краіны выказалі занепакоенасьць дзяржаўным пераваротам і ўтрыманьнем пад вартай цывільных урадавых кіраўнікоў.

Пераварот адбыўся на фоне ўзмацненьня напружанасьці паміж урадам і вайскоўцамі ў апошнія тыдні. Адносіны паміж цывільнымі ўладамі і арміяй пагоршыліся пасьля лістападаўскіх выбараў, якія вайскоўцы прызналі сфальсыфікаванымі, бо іхная Партыя саюзу, яднаньня і разьвіцьця тыя выбары прайграла. Парлямэнт меўся пачаць працу 1 лютага.

Вайскоўцы Мʼянмы, якія кіравалі дзяржавай на працягу 50 гадоў, захоўваюць значны палітычны і эканамічны ўплыў з моманту прыходу Су Чы да ўлады на выбарах 2015 году. Да гэтага яна правяла некалькі дзесяцігодзьдзяў пад хатнім арыштам.

Аднак міжнародная рэпутацыя ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру 1991 году пацярпела пасьля таго, як сотні тысяч мусульман былі перамешчаныя і тысячы загінулі ў выніку ваенных апэрацый, якія вяліся з 2017 году ў заходнім штаце Рахін.