Адкрыты ліст галоўнагай рэдактаркі інфармацыйнага парталу Марыны Золатавай адрасаваны міністру аховы здароўя Дзьмітрыю Піневічу, ягонай першай намесьніцы Алене Богдан, галоўнаму санітарнаму доктару Аляксандру Тарасенку і галоўнай доктарцы Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Ірыне Абельскай.
У лісьце Золатава адзначыла, што з траўня 2020 году журналістаў Tut.by затрымлівалі за прафэсійную дзейнасьць ужо 39 разоў. Да сумнага юбілею ў 40 затрыманьняў рэдакцыю наблізіла зьнікненьне з вуліцы Надзеі Калінінай увечары 29 студзеня. Дагэтуль ніхто з калег ня ведае, за што на журналістку склалі пратакол.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманая яшчэ адна журналістка Tut.by — Надзея КалінінаБольш за тры тыдні на Акрэсьціна не прымаюць перадачы. У Жодзіне іх таксама перасталі прымаць. Можна перадаць толькі лекі, ды й тое не заўсёды. А яшчэ некалькі месяцаў таму перадачы прымалі кожны дзень, потым раз на тыдзень.
«Каранавірус, кажаце? Аднак ён не перашкаджае ўтрымліваць у камэры, разьлічанай на шасьцярых, 16 чалавек, а таксама рэгулярна „раскідваць“ людзей па розных камэрах. Давайце прыкінем з вамі, ці можна пратрымацца 15 дзён безь перадач. Бяз цёплых рэчаў, пасты і зубной шчоткі, сродкаў гігіены, бялізны. Ну а калі месячныя? Уявілі? 15 дзён бязь зьменнай бялізны!»
Галоўная рэдактарка выданьня дапускае, што кіраўнікі мэдычнай галіны сапраўды вераць у прапагандысцкія наратывы пра «злачынцаў-баевікоў» і ў «сьвятасьць дзейнай улады». Аднак не разумее, дзе сказана, што дзяржава будзе мацнейшай, калі затрыманыя ў адміністрацыйных справах будуць «ляжаць на голых нарах і нават на падлозе ў перапоўненых камэрах або калі іх ня будуць вадзіць у душ на цягам 15 дзён».
Золатава нагадвае, што правы на перадачы ў ізалятар, штодзённыя прагулкі, індывідуальнае спальнае месца, пасьцельныя рэчы і іншае замацаваныя законамі.
«У МУС вам скажуць, што гэтыя правілы выконваюцца. Але пацікаўцеся ў калег-мэдыкаў, якія пабывалі на Акрэсьціна і ў Жодзіне. Упэўнена, у вас ёсьць такія знаёмыя», — дадала Марына Золатава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы стварылі монстра». Як у Беларусі наладжвалі сыстэму катаваньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры на 6 чалавек былі 24 дзяўчыны». Што расказвае зьняволеная з Акрэсьціна