Праваабаронцу Тацяну Ласіцу прызналі палітвязьнем

Тацяна Ласіца

Тацяна Ласіца — памочніца гомельскага праваабаронцы Леадіна Судаленкі. Яе затрымалі 21 студзеня і абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак.

Самога Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня за тое, што ён дапамагаў аплачваць штрафы пратэстоўцам. Яго абвінавацілі ў фінансаваньні масавых беспарадкаў. Праваабаронцы яго таксама абʼявілі палітвязьнем.

«Праваабарончая дзейнасьць зьяўляецца легітымнай грамадзкай дзейнасьцю, і перасьлед за ажыцьцяўленьне такой дзейнасьці зьяўляецца абсалютна непрымальным, грубейшым парушэньнем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў», — адзначылі ў сваёй заяве праваабарончыя арганізацыі Беларусі.

Яны запатрабавалі неадкладна вызваліць палітвязьняў і спыніць ціск на праваабаронцаў краіны.

Цяпер у Беларусі 220 палітычных зьняволеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 добрых спраў праваабаронцы Леаніда Судаленкі, якога вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў