Пра тое, што ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум 1995 г. быў прызначаны з парушэньнем Канстытуцыі і законаў, пісалася шмат.
Нагадаю, што, на думку доктара юрыдычных навук, прафэсара Міхаіла Пастухова, адно толькі зьбіцьцё дэпутатаў у часе працэдуры прызначэньня рэфэрэндуму робіць яго вынікі юрыдычна нікчэмнымі.
Юрыст і праваабаронца Алег Волчак перакананы, што зьбіцьцё дэпутатаў павінна кваліфікавацца як як захоп і ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, замах на жыцьцё дзяржаўных дзеячаў з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку і ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў дзяржаўнымі органамі альбо перашкоды палітычнай ці іншай грамадзкай дзейнасьці. Апошняе кваліфікуецца як тэрарыстычны акт і цягне адказнасьць аж да сьмяротнага пакараньня. Але тады Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па артыкулах... хуліганства і перавышэньне службовых паўнамоцтваў (але і гэтага хапіла, каб Лукашэнка адправіў генпракурора Шаладонава ў адстаўку).
Аднак існуе і адна важная тэхнічная дэталь, датычная галасаваньня менавіта па гербе і сьцягу, пра якую цяпер мала хто памятае.
У бюлетэнях рэфэрэндуму пытаньне фармулявалася наступным чынам: «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?».
Але ні тлумачэньня, што трэба разумець пад словам «новых», ні самога апісаньня герба ці сьцяга, ні іх выяваў у бюлетэнях не было.
«Новы» — гэта ня толькі не юрыдычна-прававое паняцьце, але і вельмі адноснае ў паўсядзённасьці. Скажам, вы прадалі старое аўто і набылі пяцігадовую «Шкоду» — і, канечне, у вашай сям’і гэта будзе новы аўтамабіль. Але ці зьяўляецца машына з прабегам больш як 100 тысяч км — новай?
На гэта і разьлічвалі ўлады. Людзі старэйшага пакаленьня памятаюць, што пасьля рэфэрэндуму многія казалі, што галасавалі «за» таму, што пад словам «новыя» разумелі менавіта «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг — на той момант яны сапраўдны ў народнай сьвядомасьці ўспрымаліся новымі, пасьля іх зацьвярджэньня прайшло менш за чатыры гады. А прапанаваныя Лукашэнкам герб і сьцяг успрымаліся як «старыя» — бо практычна такія ж былі ў БССР дзесяцігодзьдзі.
Фактычна, улады пайшлі на махлярства. Гэта можа падацца менш істотным, чым парушэньні Канстытуцыі і заканадаўства пры прызначэньні і правядзеньня рэфэрэндуму, але дазваляе адчуць, да якіх мэтадаў прыбягаў Лукашэнка, каб зьняважыць нацыянальны гонар.
Між іншым, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня ня ўносіў зьмены ў заканадаўства па выніках рэфэрэндуму. Гэта зрабіў праз больш як год (!), 29 чэрвеня 1996, Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, — у імкненьні наладзіць «канструктыўнае супрацоўніцтва» з Лукашэнкам.
Празь пяць месяцаў гэты Вярхоўны Савет Лукашэнка разагнаў. Слова «супрацоўніцтва» невядомае Аляксандру Рыгоравічу. Ён прызнае толькі — «падпарадкаваньне».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.