Сьпевака Ціму Беларускіх затрымалі з дозай гашышу. Цяпер ён на волі пад закладам

Ціма Беларускіх

У памяшканьні аднаго з гульнявых клюбаў Менску міліцыя затрымала папулярнага выканаўцу Ціму Беларускіх. Гэта здарылася яшчэ 6 студзеня.

У 22-гадовага рэпэра пры асабістым вобшуку знайшлі гашыш масай 0,4 грама. Пра гэта БелТА паведаміла прадстаўніца УСК па Менску Кацярына Гарлінская.

У дачыненьні да артыста распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу. Да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе закладу. Расьсьледаваньне працягваецца, прызначаныя хімічныя і судова-генэтычныя экспэртызы.

Раней тэлеграм-канал ATN News сьцьвярджаў, што Ціму Беларусіх затрымалі з 2 кіляграмамі гашышу, выклаўшы ягоны фатаздымак у кабінэце кагосьці з праваахоўнікаў на фоне дыванка МУС Беларусі.

Што сказаў сьпявак

Сам Ціма Беларускіх спачатку напісаў у Instagram Stories: «Хайпім». І дадаў: «Я сумаваў па цікавых укідах. Буду шчыры — зьдзівіла. Крута зноў прачнуцца зоркай».

Пазьней (але да афіцыйнай заявы СК) ён апублікаваў відэа, дзе «заявіў адкрыта, у лоб»: «усё, што вы чытаеце, недзе бачыце — няпраўда. Я знаходжуся дома, так, але я не пад арыштам. Усё як заўжды. Рабяткі, наркотыкі — гэта кепска, гэта трэба разумець».

Ціма Беларускіх (сапраўднае імя Цімафей Марозаў) — беларускі выканаўца, які распачаў сольную кар'еру ў 2017 годзе. Ён найбольш вядомы песьнямі «Мокрые кроссы» і «Незабудка», кліп да якіх сабраў на YouTube больш за 46 мільёнаў праглядаў.

Летась у жніўні папулярны сярод моладзі сьпявак падтрымаў на Instagram мірных пратэстоўцаў, якія прайшлі вуліцамі сталіцы і іншых гарадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ганаруся!» — Ціма Беларускіх пра ўчорашні «Марш Свабоды»