Кампанія «ОБК Стандарт», афіцыйны дыстрыб’ютар кампаніі Liqui Moly ў Беларусі, вырашыла разарваць кантракт з брэндам пасьля 27 гадоў супрацоўніцтва. Прычыну такога рашэньня ў кампаніі патлумачылі заявай Liqui Moly, што яна ня будзе спансаваць Чэмпіянат сьвету ў хакеі ў выпадку яго правядзеньня ў Беларусі.
«Гэтая палітызаваная заява камэрцыйнай арганізацыі робіць немагчымым наша далейшае супрацоўніцтва з гэтым пастаўшчыком з цалкам відавочных для ўсіх прычын», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ўжо былога брэнд-мэнэджара па прадукцыі Liqui Moly ў кампаніі «ОБК Стандарт» Е. Лаўнікевіча.
У заяве ён падкрэсьлівае, што ў кампаніі і ў яго асабіста «няма мэты і амбіцый уносіць раскол у сэрцы кліентаў», і хоць «якасныя прадукты Liqui Moly заваявалі сэрцы беларускіх спажыўцоў, але мы ня хочам настройваць супраць сябе тых з нашых кліентаў, якія катэгарычна ня згодныя з выказанай Liqui Moly пазыцыяй у дачыненьні да Чэмпіянату сьвету ў хакеі ў Беларусі». У сувязі з гэтым кампанія спыняе пастаўкі прадуктаў брэнду ў Беларусь і разрывае кантракт з Liqui Moly.
Кампанія «ОБК Стандарт» — не адзіны дыстрыб’ютар брэнду Liqui Moly ў Беларусі.
18 студзеня сябры Рады Міжнароднай фэдэрацыі хакею пазбавілі Беларусь права правядзеньня чэмпіянату сьвету ў хакеі. Перад гэтым буйныя спонсары чэмпіянату — Skoda, NIVEA MEN, Liqui Moly і Tissot — катэгарычна заявілі, што будуць падтрымліваць хакейны чэмпіянат сьвету толькі ў тым выпадку, калі Беларусь пазбавяць права прымаць турнір.
Турнір павінен быў прайсьці ў Рызе і Менску з 21 траўня па 6 чэрвеня 2021 году.