Украіна распачала крымінальнае расьсьледаваньне аб спробах умяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў лістападзе 2020 году.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Як заявіў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, краіна зробіць усё магчымае, каб прыцягнуць да адказнасьці ўнутраныя і вонкавыя сілы, якія паспрабавалі сапсаваць адносіны паміж Украінай і ЗША.
«Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў распачала крымінальную справу», — заявіў Ярмак у інтэрвію інтэрнэт-выданьню НВ, якое было разьмешчанае на афіцыйным сайце прэзыдэнта.
«Вядзецца расьсьледаваньне, і мы чакаем яго вынікаў. Сьледзтва павіннае адказаць на мноства пытаньняў », — дадаў ён.
11 студзеня міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненьні да некалькіх украінскіх фізычных і юрыдычных асобаў, абвінаваціўшы іх ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служба замежнай выведкі Ўкраіны — пра небясьпекі, што ідуць ад Беларусі