Служба замежнай выведкі Ўкраіны — пра небясьпекі, што ідуць ад Беларусі

Служба замежнай выведкі Ўкраіны (СЗВ) да свайго прафэсійнага сьвята — 24 студзеня — падрыхтавала інфармацыйны бюлетэнь — «Белую кнігу», у якой апісваюцца пагрозы нацыянальнай бясьпецы краіны.

Паводле аўтараў дакумэнту, асноўнымі зь іх зьяўляюцца агрэсія Расеі і мілітарызацыя анэксаванага РФ Крыму.

У разьдзеле «Рэгіянальнае вымярэньне нацыянальнай бясьпекі» некалькі абзацаў прысьвечана Беларусі:

Крэмль ніколі не спыняўся ў сваім жаданьні пад выглядам «аб’яднаньня» паглынуць Беларусь. Гэта стварае небясьпеку ператварэньня яе ў пляцдарм для рэалізацыі агрэсіўнай палітыкі РФ адносна Ўкраіны. Масква, выкарыстоўваючы ўсе рычагі, імкнецца максымальна аслабіць Беларусь, застаўшыся для Менску безальтэрнатыўным партнэрам.

РФ перайшла да вырашальнага этапу рэалізацыі сваіх мэтаў на беларускім кірунку шляхам так званага «прымусу да інтэграцыі». Яна прадугледжвае як вырашэньне «праблемы таксычнага Лукашэнкі», так і доўгатэрміновага ўтрыманьня рэспублікі ў арбіце ўплыву Расеі праз групу некалькіх прарасейскіх сілаў (партыяў) у парлямэнце Беларусі.

Разьвіцьцё падзеяў у такім кірунку нясе ў сябе шэраг пагрозаў для нацыянальных інтарэсаў Украіны, у прыватнасьці:

  • зьмена пазыцыі кіраўніцтва краіны ва ўкраінскім пытаньні, поўная салідарызацыя кіраўніцтва Беларусі ў расейскай палітыкай адносна Ўкраіны, у тым ліку прызнаньне Беларусьсю сувэрэнітэту РФ над Крымам;
  • пераўтварэньне Беларусі ў пляцдарм для дэстабілізацыі Ўкраіны ці правядзеньня сілавой апэрацыі супраць нашай дзяржавы;
  • інтэнсыфікацыя ўзаемадзеяньня спэцслужбаў Расеі і Беларусі на ўкраінскім кірунку, у тым ліку ў кантэксьце правядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сайце прэзыдэнта Ўкраіны зарэгістравалі пэтыцыю з заклікам увесьці эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі