Алега Зайца затрымалі 23 студзеня на вуліцы Мірашнічэнкі і абвінавацілі адразу ў двух правапарушэньнях.
Сукамэрнікі, якія вызваліліся з адной з Алегам Зайцам камэры на Акрэсьціна, паведамілі ягоным сябрам, што ён абвясьціў сухую галадоўку.
Жыхару Менску Алегу Зайцу 37 гадоў. У яго праблемы з нагамі, таму ён ня можа працаваць больш за 6 гадзін на дзень. Займаецца рамесьніцтвам — вырабляе бранзалеты і іншыя рэчы, якія прадаюцца ў манастыры ў Навінках. У суботу 23 студзеня Алега затрымалі і адвезьлі ў Савецкі РУУС. А 26 студзеня прысудзілі 25 дзён адміністрацыйнага арышту.
«Алега я даўно ведаю, гадоў восем, — расказала Свабодзе знаёмая Алега і яго суседка Надзея. — Мой малады чалавек вучыўся зь ім разам у школе, у паралельных клясах. Мы побач жывём, нашы дамы побач. А зь верасьня мы вельмі шчыльна сталі кантактаваць. Я часта яго бачыла, гутарылі».
Па словах Надзеі, 23 студзеня Алег Заяц выйшаў на прагулку на вуліцы Мірашнічэнкі і там сустрэў сваю знаёмую. Надзея акурат у гэты ж час размаўляла зь ім праз мэсэнджэр.
«Ён мне ў гэты момант сказаў, што да іх падыходзяць людзі ў балаклавах, — расказвае дзяўчына. — І, напэўна, будуць затрымліваць. Я ўсё чула. Дзяўчыну пачалі тузаць. Алег пачаў прасіць адпусьціць яе. Я ведаю гэтую дзяўчыну таксама, ёй у выніку 25 студзеня далі 15 сутак. Потым і Алега затрымалі. У гэты момант Алег выкінуў свой тэлефон. Мы спрабуем знайсьці цяпер яго. Званкі хтосьці здымае, але не адказвае на іх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНадзея кажа, што ў панядзелак 25 студзеня паехала ў суд Савецкага раёну чакаць суду над Алегам. Сьпісы з інфармацыяй аб працэсах у адміністрацыйных справах вывесілі толькі ў абед. Судзіць Алега Зайца павінен быў судзьдзя Шаціла. Але ён адправіў справу на дапрацоўку. Пасьля справу разглядала ўжо судзьдзя Жуковіч. Судзілі Зайца адразу паводле двух пратаколаў — 23.34 і 23.4 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню супрацоўніка міліцыі). Атрымаў ён у выніку 25 дзён арышту.
«Сказалі, што Алег удзельнічаў у мітынгу з 10 чалавек без сымболікі, — кажа Надзея. — І гучней за ўсіх крычаў „Жыве Беларусь“. З другога пратаколу выходзіць, што Алег супраціўляўся, хапаўся за форменную вопратку і ўпіраўся нагамі, не хацеў залазіць у машыну. Але тыя, хто іх затрымліваў, былі ў цывільным, безь ніякіх мундзіраў. Адзін толькі рацыю меў пры сабе».
У тое, што Алег упіраўся нагамі, Надзея таксама ня верыць. Кажа, што ён ходзіць з кійком, мае праблему з нагамі — калісьці абмарозіў іх. Па яе словах, у матэрыялах справы Алега Зайца фігураваў сьведка Громаў, які, калі верыць іншым пратаколам, знаходзіўся ў той самы час у зусім іншых месцах гораду і таксама ўдзельнічаў у затрыманьнях людзей. Пра тое, што Алег абвясьціў галадоўку ў першы ж дзень за кратамі, стала вядома ад яго былых сукамэрнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяўчыне, якая расьпісала шчыты амапаўцаў, далі 2 гады, хлопцу — 1,5 года. ФОТА, ВІДЭА«Алег галадае з 23 студзеня. Ён адразу абвясьціў сухую галадоўку, — перадае Надзея зьвесткі ад былых сукамэрнікаў сябра. — Ён ня п’е і ня есьць. У камэры яго спрабавалі ўгаварыць хаця б піць ваду. Але Алег сказаў, што ён дарослы чалавек і сам прыняў такое рашэньне. Са мной таксама зьвязаліся людзі, якія былі ў адной камеры з Алегам і выйшлі раней. Яны гавораць, што ўсіх затрыманых 23 студзеня моцна прэсавалі ў РУУС. Вадзілі на допыты, Алега моцна прыніжалі і запалохвалі.
Казалі, што зробяць яму крымінальную справу, што сядзець ён будзе ня суткі, а гады. Алег таксама расказваў, што яго спрабавалі прымусіць пакаяцца на відэа. Але ён адмовіўся. Мы думаем, што за гэта і атрымаў яшчэ адзін артыкул — за непадпарадкаваньне. Нагамі ўпірацца ён дакладна ня мог, яны ў яго пашкоджаныя».
Паводле сяброў, Алега Зайца раніцай 28 студзеня вывезьлі з Акрэсьціна, цяпер ён можа знаходзіцца ў сьледчай турме Жодзіна альбо ў іншым месцы. Яго спрабуе знайсьці адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чаканьні Ігара. Як жыве жонка палітвязьня Дарʼя Лосік. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cа Швайцарыі ў СІЗА. Гісторыя палітзьняволенай Натальлі Хершэ. Відэа