На працэс у суд Савецкага раёну Менска прыйшоў яе муж Валер Асіпёнак, і яго затрымалі яшчэ да пачатку суду, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Яму сказалі, што ў дачыненні да яго праводзіцца нейкая праверка. Ён паспеў перадаць адвакату Алены відэаматэрыялы, якія зьяўляюцца доказамі яе невінаватасці.
Учора міліцыянт Громаў у судзе сведчыў, што Алена 26 студзеня пікетатавала каля ГЦ «Маскоўска-Венскі» ў цёмнай куртцы і цёмнай шапцы. Але ў гэты час жанчына была на працоўным месцы ў краме, тым больш што ў яе белая куртка і ходзіць яна бяз шапкі.
Судзьдзя Воўк адправіў справу Алены паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП на дапрацоўку. Пакуль незразумела, ці выпусцяць яе на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі гаспадыню крамы сувэніраў з нацыянальнай сымболікай26 студзеня, як расказалі Свабодзе сябры ўладальнікаў павільёна з адзеньнем і сувэнірамі ў нацыянальным стылі, напярэдадні ў краму, якая месьціцца ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі», наведаліся кантралёры з МНС.
Уладальнікам крамы Валеру і Алене Асіпёнкам уручылі прадпісаньне на ліквідацыю парушэньняў пажарнай бясьпекі. Павільён мелі зачыніць да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя прадпісаньні.
26 студзеня Валера выклікалі ў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Пасьля адказаў на пытаньні яго адпусьцілі. Але ў гэты час на працоўным месцы міліцыянты затрымалі яго жонку.
Адной з прычын затрыманьня, паводле суразмоўцаў, стаў гандаль «незарэгістраванай сымболікай».
У сям'і непаўналетнія дзеці, яны вучацца ў беларускамоўнай гімназіі № 4 у Менску.