Ва Ўкраіне зьнесьлі апошні помнік Леніну

Помнік Леніну. Ілюстрацыйны здымак

Ва Ўкраіне зьнесьлі апошні помнік заснавальніку савецкай дзяржавы Ўладзіміру Леніну. Пра гэта ў сераду паведаміў у Фэйсбуку кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Сьвітанак» Вадзім Пазьнякоў.

Помнік стаяў у Адэскай вобласьці, у вёсцы Старыя Траяны Ізмаільскага раёну. Вадзім Пазьнякоў адзначыў, што гэта быў апошні помнік з тых, што стаялі на адкрытай тэрыторыі і не ў раёнах, занятых сэпаратыстамі.

Раней кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч заяўляў, што ніводнага помніка Леніну больш няма ў гарадах, якія знаходзяцца пад кантролем уладаў Украіны.

Вясной 2015 году ва Ўкраіне прынялі закон «Аб асуджэньні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага таталітарных рэжымаў», які забараняе прапаганду савецкай сымболікі. Дакумэнт, сярод іншага, прадугледжвае дэмантаж савецкіх помнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі фільм «Возера радасьці» — у лонг-лісьце прэміі «Оскар»