ФБР адсочвае больш за 400 падазраваных па справе аб штурме Капітолію

Ведамства, у прыватнасьці, спрабуе вызначыць, ці быў захоп загадзя сплянаваны

Галоўны фэдэральны пракурор, які расьсьледуе гвалтоўнае ўварваньне ў Капітолій, заявіў, што афіцыйныя абвінаваўчыя заключэньні, верагодна, будуць вынесены ўжо на гэтым тыдні.

У рамках узмоцненага расьсьледаваньня ФБР спрабуе вызначыць асобы больш як 400 падазраваных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды ў акрузе Калюмбія разглядаюць справы аб нападзе на Кангрэс


Выканаўца абавязкаў генэральнага пракурора Майкл Шэрвін заявіў на брыфінгу для прэсы, што больш за 135 чалавек былі арыштаваныя ў сувязі з атакай 6 студзеня, у выніку якой пяць чалавек загінулі, а члены Кангрэсу былі вымушаныя перайсьці ў сховішча.

Пераважная большасьць падазраваных на дадзены момант арыштаваныя на падставе крымінальных скаргаў, якія дазваляюць ураду выбудоўваць крымінальную справу да таго часу, пакуль яе ня змогуць прадставіць вялікаму журы прысяжных. Чалавек ня можа быць асуджаны ў фэдэральным судзе толькі на падставе крымінальнай скаргі.

На сёньняшні дзень толькі некалькі абвінаваўчых заключэньняў былі зацьверджаныя прысяжнымі. Гаворка ідзе пра абвінавачаньні больш як 100 чалавек у самых розных злачынствах — ад дробных, напрыклад, незаконнага пранікненьня на тэрыторыю, да больш сур'ёзных, такіх як напад на паліцэйскага або змова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры чалавекі загінулі ў выніку штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа. Што адбылося

«Мы працягваем зьбіраць доказы, зьвязаныя з гэтымі абвінавачаньнямі, — сказаў Шэрвін. — Гэтым людзям, якіх абвінавацілі на аснове фэдэральных крымінальных скаргаў, у самай найбліжэйшай будучыні, у тым ліку на гэтым тыдні, будуць прадʼяўленыя афіцыйныя абвінавачаньні».

ФБР спрабуе вызначыць, ці быў штурм Капітолію загадзя сплянаваны нейкімі групамі людзей, і Шэрвін заявіў у аўторак, што, як ён чакае, некаторым будуць прадʼяўленыя абвінавачаньні ў змове з мэтай падбухторваньня да паўстаньня.

Раней у гэтым месяцы яго офіс абвінаваціў трох чальцоў ультраправага антыўрадавага апалчэньня «Захавальнікі клятвы» (Oath Keepers) у змове перад аблогай Капітолію.

Абвінаваўчыя заключэньні па гэтай справе пакуль не апублікаваныя.

Па словах Шэрвіна, сьледзтва пачынае выходзіць на больш пільны ўзровень, улічваючы, што ФБР ужо ўдалося вызначыць асобы многіх «інтэрнэт-зорак», якія хваліліся сваімі дзеяньнямі ў сацыяльных сетках.

Прадстаўнікі фэдэральных уладаў таксама паведамілі ў аўторак, што расьсьледаваньне абставінаў сьмерці афіцэра паліцыі Капітолію Браяна Сікніка і закладаньня дзьвюх трубчастых бомбаў у штаб-кватэрах Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў працягваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працэс імпічмэнту Трампа пачнецца пасьля 8 лютага