Як паведаміла прэс-служба ўраду, Кая Калас прынесла вусную прысягу на пасяджэньні парлямэнту, пасьля чаго тэкст прысягі падпісалі астатнія чальцы кабінэту. Міністар эканомікі і інфраструктуры Тааві Аас паставіў подпіс пад дакумэнтам дыстанцыйна, у электроннай форме — ён на самаізаляцыі, бо меў кантакт з хворым на каранавірус. Першае пасяджэньне кабінэту пройдзе 28 студзеня.
Новы ўрад Эстоніі сфармавалі правалібэральная Партыя рэформаў і Цэнтрысцкая партыя пасьля адстаўкі прэм’ера Юрыя Ратаса ў сувязі з карупцыйным скандалам.
На выбарах у 2019 годзе Партыя рэформаў на чале з Калас набрала адносную большасьць галасоў. Аднак Юры Ратас, кіраўнік партыі «Цэнтар», які ўзначальваў урад краіны з 2016 году, займеў падтрымку яшчэ дзьвюх партыяў у парлямэнце і сфармаваў урад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Эстоніі на сустрэчы зь Ціханоўскай: Абавязак свабоднага сьвету — забясьпечыць беларускаму народу права голасуХто такая Кая Калас
1. Каі Калас 43 гады. Мае дзьве адукацыі – юрыдычную і эканамічную. Пэўны час працавала памочніцай рэжысэра тэатру. Была дэпутаткаю Эўрапарлямэнту і парлямэнту Эстоніі — Рыйгікогу.
2. Бацька Каі Калас — былы эстонскі прэм’ер і былы віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Сійм Калас. Менавіта ён і заснаваў Партыю рэформаў, якой кіруе цяпер дачка. Маці ў шасьцімесячным узросьце дэпартавалі ў Сібір, там яна жыла да дзесяці гадоў. Прадзед Калас быў першым кіраўніком эстонскай паліцыі і стваральнікам добраахвотнай парамілітарнай арганізацыі «Кайтсэлійт».
3. Вострая на язык. Выклікала ў краіне скандал, назваўшы былога прэм’ера Юры Ратаса «палітбройлерам», дадаўшы, што «на кожным вясельлі ён жаніх і нябожчык на кожным пахаваньні». Выбачыцца перад Ратасам яе прасіла сама прэзыдэнтка, але Калас гэтага не зрабіла.
4. Эканамічная і ідэалягічная лібэралка. Лічыць, што «дзяржава не павінна займацца прадпрымальніцтвам там, дзе гэтым могуць займацца прадпрымальнікі». Перад выбарамі яна паабяцала, што ў выпадку прыходу да ўлады ня будзе чапаць неабкладаны падаткам даход да 500 эўра, адменіць бясплатны транспарт у правінцыі і не пагодзіцца з кампэнсацыяй цэрквам шкоды, нанесенай падчас вайны і акупацыі. Калас прапануе таксама адмовіцца ад бясплатнай адукацыі.
5. Эканамічную палітыку яна абяцае будаваць такім чынам, каб Эстонія ў будучыні магла даць сабе рады без датацыяў Эўразьвязу. Адзіны шлях для малой краіны, на яе думку, — гэта эканоміка, заснаваная на ведах.
6. Плянуе скарачаць колькасьць чыноўнікаў. Абяцае працягнуць ініцыяваную ёю кампанію ўвядзеньня ў дзяржаве нулявой бюракратыі.
7. Падчас выбараў у 2019 годзе Калас абяцала, што сярэднія заробкі настаўнікаў на працягу чатырох гадоў вырастуць да 2000 эўра за месяц. Пэнсіянэрам яе партыя абяцае падымаць пэнсіі на 200 эўра за месяц на працягу чатырох гадоў, а таксама ўвесьці падатковыя льготы для працуючых пэнсіянэраў.
8. Мае таксама цьвёрдую пазыцыю наконт адукацыі на эстонскай мове. Абяцае ўвесьці адзіную сыстэму адукацыі на эстонскай, бо, паводле Калас, інтэграцыю грамадзтва можа паскорыць толькі перавод на эстонскую мову ўсёй сыстэмы адукацыі, пачынаючы зь дзіцячага садка.
9. Будучая прэм’ерка заяўляла, што эстонская мова і культура маюць патрэбу ў беражлівай абароне з прычыны малога памеру краіны. Яе партыя ня мае намеру адмаўляцца ад патрабаваньняў валоданьня эстонскай мовай для ахвотных атрымаць грамадзянства Эстоніі.
10. Замужам. Мае траіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што даюць Беларусі трактары, калі людзі лічаць іх дзярмом»? Былы прэзыдэнт Ільвэс пра сакрэт посьпеху Эстоніі і шлях для беларусаў