Суд адмовіўся вызваліць з-пад варты палітвязьня Максіма Знака

Чальцы Каардынацыйнай рады Максім Знак, Марыя Калесьнікава і Ільля Салей

Суд Партызанскага раёну Менску адхіліў скаргу абароны сябра Каардынацыйнай рады Максіма Знака на падаўжэньне яму тэрміну ўтрыманьня пад вартай.

Разгляд скаргі праходзіў на закрытым пасяджэньні, вяла працэс судзьдзя Тацяна Алейнікава. Рашэньне можа быць абскарджана ў Менскім гарадзкім судзе.

Адвакат Дзьмітрый Лаеўскі сказаў журналістам, што калі б пасяджэньне было адкрытае, суду было б значна складаней пакінуць у сіле рашэньне сьледчага аб пакіданьні Максіма Знака пад вартай, цытуе яго Інтэрфакс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскім сьледчым ізалятары канваіры пераблыталі Знака і Калесьнікаву

На яго думку, закрытасьць працэсу, прадугледжаная ў заканадаўстве, — гэта «шырма, якая не дазваляе грамадзтву кожны раз пераканацца, што доказаў няма».

Максіма Знака затрымалі 9 верасьня, пазьней яму прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі запусьцілі праект падтрымкі адвакацкай супольнасьці «Права на абарону»

У канцы сьнежня 2020 году Генэральная пракуратура завяла супраць Максіма Знака і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».