WhatsApp пакінулі мільёны карыстальнікаў

Папулярны мэсэнджар WhatsApp страціў мільёны карыстальнікаў з пачатку студзеня.

Як паведамляе The Guardian, гэта зьвязана з тым, што карыстальнікі нэгатыўна ацанілі абноўленыя ўмовы выкарыстаньня аплікацыі.

У новай вэрсіі ўмоваў адзначана, што WhatsApp пачне дзяліцца інфармацыяй з сацсеткай Facebook, якая валодае мэсэнджарам. Гаворка вядзецца пра геалякацыю, зьвесткі пра ўсталяваньне і выдаленьне праграм, якія належаць Facebook.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павел Дураў анансаваў манэтызацыю Telegram з 2021 году. Для звычайных карыстальнікаў ён застанецца бясплатным

Мэсэнджар патлумачыў крок неабходнасьцю аналізаваць звычкі і густы карыстальнікаў, каб больш актыўна падбіраць рэкляму і прыдатны ім кантэнт. Аднак гэта прывяло да нэгатыўнай рэакцыі карыстальнікаў з розных краінаў сьвету, і многія зь іх вырашылі ўсталяваць іншыя праграмы, перш за ўсё Signal і Telegram.

Паводле ацэнкі камітэту брытанскага парлямэнту, за тры тыдні студзеня колькасьць карыстальнікаў Signal павялічылася на 7,5 мільёна чалавек, да Telegram далучыліся каля 25 мільёнаў карыстальнікаў, што вышэй звычайнай дынамікі гэтых сэрвісаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША запатрабавала ад Facebook прадаць Instagram і WhatsApp

Пасьля хвалі крытыкі з боку карыстальнікаў і пераходу ў іншыя праграмы WhatsApp абвясьціў, што перанёс тэрміны ўвядзеньня новага пагадненьня аб умовах карыстаньня ім. Новай датай названа 15 траўня.