Ці памятаеце здымак-мэм з Сандэрсам у рукавіцах? Ён хоча зарабляць на ім для дабрачыннасьці

Бэрні Сандэрс на інаўгурацыі Байдэна

Фатаздымак амэрыканскага сэнатара, зроблены падчас інаўгурацыі Джо Байдэна, стаў асновай для шматлікіх пацешных кампазыцый.

Бэрні Сандэрс, якога сфатаграфавалі на інаўгурацыі ў рукавіцах і з хмурным выразам твару пад маскай, заявіў, што ён рады, што гэтая фатаграфія, якая імгненна стала мэмам, дапаможа сабраць мільёны даляраў на дабрачынныя мэты.

Здымак стаў асновай для цэлага шэрагу сьмешных кампазыцый. На іх Сандэрс дакранаецца рукавіцай рукі Бога ў Сыкстынскай капэле, дапамагае акторцы Дэмі Мур ляпіць вазу на ганчарным крузе ў сцэне зь фільма «Прывід» або сядзіць разам з Уінстанам Чэрчылем, Франклінам Рузвэльтам і Ёсіфам Сталіным на Ялцінскай канфэрэнцыі 1945 году.

У адказ на пытаньне CNN, ці падабаюцца яму гэтыя мэмы, 79-гадовы сэнатар усьміхнуўся і сказаў, што ён вельмі рады, што яго рукавіцы ручной работы, зьвязаныя настаўніцай са штату Вэрмонт, блакітная маска і злосны погляд можна будзе ператварыць у грошы для амэрыканцаў, якія ў нястачы.

«Тут, у Вэрмонце, мы ня толькі забаўляемся, але таксама будзем прадаваць па ўсёй краіне швэдры і футболкі [з гэтымі малюнкамі]. Усе сабраныя грошы, думаю, гэта будзе пара мільёнаў даляраў, пойдуць на такія праграмы, як „Ежа на колах“, якія дапамагаюць забясьпечваць харчаваньнем пажылых людзей з нізкімі даходамі», — сказаў Сандэрс.

«Так што гэта будзе ня толькі весела, але і добра», — дадаў ён.