У Міністэрстве замежных спраў Беларусі заявілі пра цынізм і двудушнасьць Эстоніі, якая, будучы нясталым чальцом Рады Бясьпекі ААН, стала арганізатарам нефармальнай сустрэчы па формуле Арыі, дзе разглядаліся пытаньні свабоды СМІ ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
На гэтай сустрэчы выступалі Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка.
«Так, Беларусь — маладая незалежная эўрапейская дзяржава, у якой працягваюцца працэсы станаўленьня як журналісцкай супольнасьці, так і прававой сыстэмы яе рэгуляваньня. Так, ня ўсё яшчэ гладка і ёсьць аб’ектыўныя пытаньні, якія патрабуюць вырашэньня. Але нацягваць гэта, хоць і нефармальна, на пляцоўку ААН проста абсурдна. І нават на гэтым фоне дзівіць цынізм і адкрытае двудушнасьць Эстоніі, якая працягвае ўпівацца сваім статусам непастаяннага чальца Рады бясьпекі ААН. Улады гэтай краіны, напрыклад, нядаўна ліквідавалі мясцовую рэдакцыю аднаго навіновага агенцтва», — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Паводле яго, арганізатары нават не спрабавалі стварыць ілюзію збалянсаванай дыскусіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Ціханоўская сказала ў Радзе бясьпекі ААН. Асноўнае