Дакумэнт апублікавалі на сайце Партыі БНФ.
Заяву падпісалі:
- старшыня Партыі БНФ,
- кіраўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада),
- Абʼяднанай грамадзянскай партыі,
- Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет»,
- Беларускай партыі «Зялёныя»,
- Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.
Нагодай для сумеснай заявы стала «выкарыстаньне ў крымінальнай справе супраць сябра БНФ Вітольда Ашурка ў якасці доказу абвінавачаньня сяброўскага пасьведчаньня аб прыналежнасьці да партыі».
«Справа Вітольда Ашурка стала працягам маштабнай кампаніі рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў аўтарытарнай улады, іншадумцаў і дзеячаў грамадзянскай супольнасьці, — адзначана ў дакумэнце. — Разам з журналістамі, праваабаронцамі, блогерамі і ўдзельнікамі мірных акцый пратэсту актывісты палітычных партый сталі мішэньню для рэпрэсій з самага пачатку леташняй выбарчай кампаніі. Лідэры і актывісты шэрагу партый рознага ідэалягічнага кірунку знаходзяцца за кратамі па палітычна матываваным прысудах. Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і спыненьня рэпрэсій».
«Разам з тым у справе Вітольда Ашурка паўстала акалічнасьць, якое можа сьведчыць пра надыход новай, яшчэ больш абуральнай і непрымальнай рэпрэсіўнай практыкі. У рамках судовага разбору ў якасьці аднаго з доказаў згадвалася сяброўскае пасьведчаньне, выдадзенае Вітальду Ашурку як сябру Партыі БНФ згодна патрабаваньню ч. 10 ст. 13 закону „Аб палітычных партыях“. Паказанае пасьведчаньне было згадана ў прысудзе ў якасьці рэчавага доказу. Суд пастанавіў зьнішчыць пасьведчаньне сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка», — адзначана ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіста БНФ зь Лідзкага раёну на закрытым судзе пакаралі 5 гадамі калёніі «за пратэсты»Падпісанты заявы зьвярнулі ўвагу на тое, што судовы працэс па справе Ашурка разглядаўся ў закрытым рэжыме, таму грамадзкасьць «ня можа даць поўную ацэнку таго, якім чынам і дзеля якой мэты абвінавачваньне прадставіла для судовага разгляду пасведчаньне сябра партыі, якія акалічнасьці абвінавачваньне даказвала гэтым дакумэнтам, якая ацэнка гэтаму была дадзена судом з пункту гледжаньня крытэрыяў датычнасьці, дапушчальнасьці, дастатковасьці і законнасьці атрыманьня доказаў».
Яны падкрэсьлілі, што, згодна з законам «Аб палітычных партыях», прыналежнасьць альбо непрыналежнасьць грамадзяніна да палітычнай партыі «не могуць служыць падставай для абмежаваньня яго правоў і свабод».
Прысуд, адзначана ў заяве, «выклікае асаблівую трывогу» ў сувязі з тым, што «органы юстыцыі працягваюць маштабную праверку беларускіх партый, у тым ліку запатрабаваўшы пэрсанальныя сьпісы сябраў партый».
«Мы перасьцерагаем улады ад разгортваньня новай формы палітычных рэпрэсій у сувязі з прыналежнасьцю людзей да палітычных партыяў і грамадзкіх абʼяднаньняў, у тым ліку са злоўжываньнем фармальнымі патрабаваньнямі закону датычна абавязковасьці фіксаванага сяброўства ў абʼяднаньнях і парадку ўліку членаў партый і рухаў», — падкрэсьлена ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны мясцовы лідэр». Чым вядомы актывіст Вітольд Ашурак, які атрымаў 5 гадоў турмы за пратэсты18 студзеня суд Лідскага раёна прызнаў Гродзенскага абласнога каардынатара руху «За Свабоду», сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка вінаватым у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і нападзе на міліцыянта (арт. 364 КК) падчас акцыі пратэсту ў раённым цэнтры 9 жніўня 2020 года. Судзьдзя Максім Філатаў пакараў яго пазбаўленьнем волі на пяць гадоў з адбываньнем у калёніі агульнага рэжыму.