«Ёсьць рэчы, важнейшыя за спорт», — хакеістка-айцішніца, аўтарка пэтыцыі за адмену хакейнага чэмпіянату ў Менску

Юлія Абасава

Хакеістка-айцішніца Юлія Абасава расказвае, як запусьціла пэтыцыю супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Менску, якую падпісалі 60 тысяч чалавек; як праходзілі Калядныя турніры Лукашэнкі, на якіх была судзьдзёй; чаму разьвіцьцё хакею ў Беларусі не адпавядае ўкладзеным у гэты від спорту сродкам.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Сьцісла:

  • Было лёгка адмовіцца ад магчымасьці далей працаваць судзьдзёй. Я разумела, што, калі я запускаю пэтыцыю, магчымасьць працы пры дзейнай уладзе на нейкіх мерапрыемствах роўная нулю.
  • Зь дзяцінства марыла быць хакейным брамнікам. Бацькі былі вельмі далёкія ад спорту, яны мне казалі, што дзяўчаты не гуляюць у хакей. Толькі ў 27 гадоў у мяне зьявілася магчымасьць самастойна займацца.
  • Я ведаю, што падпісаньне праўладнага ліста — гэта ўмова таго, што ты далей будзеш працаваць у хакеі. Калі не падпісваеш, варыянтаў ціску хапае — ад звальненьня да фінансавых рэчаў.
  • Элітны статус хакею моцна ўплывае на тое, што ў нас няма вынікаў. Элітны ў тым сэнсе, што ў нас ёсьць чалавек, які вельмі яго любіць, і асаблівы статус тут ня ў плюс, як высьветлілася.


Асноўныя тэзісы Юліі Абасавай.


Пра штуршок да стварэньня пэтыцыі супраць чэмпіянату ў Менску

Юлія Абасава

— Пэтыцыя была напісаная 13 жніўня, калі вярнулі інтэрнэт і стаў зразумелы маштаб катастрофы. Было моцнае ўнутранае абурэньне, якое прымусіла падумаць, чым я магу дапамагчы людзям, якія выходзілі на вуліцы; чым я магу дапамагчы нашаму пратэсту. Як чалавек, які тым ці іншым чынам зьвязаны з хакеем, мне прыйшла ў галаву менавіта пэтыцыя. Чэмпіянат сьвету не павінен адбывацца ў краіне, дзе, па сутнасьці, абвясьцілі вайну мірным грамадзянам. За 15 хвілінаў я напісала ліст і адправіла яго. Прынцыповым тут было тое, што правядзеньне такога ўзроўню спаборніцтваў немагчымае пра цяперашнім рэжыме, таму што гэта, па сутнасьці, яго легалізацыя з боку сусьветнай супольнасьці.

Чэмпіянат сьвету — гэта заўсёды сьвята для аматараў хакею, для заўзятараў з усіх краінаў, але мінулым летам падзеі адбыліся такім чынам, што я не лічу магчымым правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Менску. Мы сабралі большую частку подпісаў (каля 45 тысяч) цягам першых двух месяцаў. У момант, калі мы пацьвердзілі перамогу гэтай пэтыцыі на change.org, там было практычна 60 тысяч подпісаў.


Пра судзейства на Калядным турніры пад эгідай Лукашэнкі


— Я была судзьдзёй-інфарматарам. Такі судзьдзя не на лёдзе, а сядзіць і абвяшчае галы, склады камандаў, асыстэнтаў. І гэта ўсё судзейская брыгада. Усім вядома, што гэта прэзыдэнцкі турнір, адкрыцьцё і закрыцьцё заўсёды адбываецца зь ім. Гэта шоў у пэўным сэнсе. Мяне як аматарку хакею, якая вельмі моцна любіць хакей зь дзяцінства, у некаторай ступені гэта падкупляла, бо хакей доўгі час быў вылучаны ў Беларусі як улюблёны від спорту. Але існуюць рэчы, важнейшыя за любы від спорту. Лета паказала, што нават самыя дарагія рэчы ў нейкі момант павінны адысьці на другі плян. Ёсьць прынцыпы, ёсьць чалавечыя каштоўнасьці, базавыя паняткі, якія важнейшыя за ўсё.

Мне было лёгка адмовіцца ад магчымасьці далей працаваць судзьдзёй. Я разумела, што, калі заяўляю пра нязгоду і запускаю пэтыцыю, магчымасьць таго, што я буду працаваць пры дзейнай уладзе на нейкіх мерапрыемствах, роўная нулю. Так і адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калядны турнір на прызы Лукашэнкі скасавалі ўпершыню за 15 гадоў

Пра сумленнасьць хакею на Калядных турнірах Лукашэнкі

— Гэта шоў. Напэўна, гэта можна назваць гульнёй добрых сяброў. Натуральна, там не 100-працэнтная сумленнасьць у ліку і ў магчымасьцях камандаў. Найчасьцей гэта пастаноўка. Гэта ні для кога не сакрэт, проста да гэтага паблажліва ставяцца. Гэта як адно з правілаў гульні.


Пра свой хакейны шлях

Юлія Абасава

— Я пачала гуляць у хакей у 27 гадоў. У гэтым узросьце ўжо многія заканчваюць гуляць. Зь дзяцінства марыла быць хакейным брамнікам. Бацькі былі вельмі далёкія ад спорту, і яны мне казалі, што «дзяўчаты не гуляюць у хакей, выбірай нейкае іншае хобі». І давялося мару адкласьці на доўгі час. Толькі ў 27 гадоў у мяне зьявілася магчымасьць самастойна займацца. Выключна на энтузіязьме я пачала трэнавацца, праз 2-3 гады выпадкова на мяне выйшла жаночая хакейная каманда «Харкаўскія пантэры», у якіх на той момант быў форс-мажор з брамнікам. Яны прапанавалі пагуляць, і наступныя два сэзоны я грала ў чэмпіянаце Ўкраіны.

У першы год мы сталі чэмпіёнамі Ўкраіны, на другі год гэта быў сярэбраны мэдаль. У трэцім сэзоне прайшло некалькі тураў — і давялося яго закончыць праз пандэмію; чэмпіянат не аднавіўся дагэтуль. Цяпер я ў Менску, гуляю і трэнуюся з аматарамі.


Ці дзяўчаты і цяпер «не гуляюць у хакей»

Юлія Абасава

— Дасюль гэта выклікае пытаньні. «Ты гуляеш у хакей? Ды ну. Ты брамнік? Ня можа быць такога». Людзі часта зьдзіўляюцца. Ёсьць дзяўчаты, які гулялі, займаліся хакеем, але, на жаль, іх вельмі мала. У Беларусі гэты этап яшчэ ня пройдзены. Тут яшчэ хакей лічыцца выключна мужчынскім відам спорту, хоць я так ня думаю. Я лічу, што мы б маглі стварыць і жаночую зборную. У рэйтынгу Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі каля 40 жаночых хакейных зборных.


Пра розныя лісты спартоўцаў


— Што тычыцца аматараў, то многія мне выказвалі падтрымку з пэтыцыяй, былі згодныя з многімі пунктамі ліста свабодных спартоўцаў. Пазыцыя аматараў больш ярка выяўленая. Я бачыла шмат людзей, якія катаюцца на трэніроўках з налепкамі Пагоні на шлемах. У нейкі момант аматарскім лігам дакумэнтам забаранілі выкарыстаньне «незарэгістраванай сымболікі» і стужак розных колераў, бо стала відавочна, што людзі паказваюць сваю пазыцыю на лёдзе. Многія аматары ня згодныя з тым, што адбываюцца страшныя рэчы ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля жніўня гэта іншы чалавек». Былы трэнэр юнацкай хакейнай зборнай Беларусі — пра Баскава і сваю адстаўку

Што тычыцца прафэсійнага спорту, то ў нейкі момант ён адмаўчаўся. Спачатку многія спартоўцы адкрыта казалі, што ня тое што яны падтрымліваюць пратэсты, але прынамсі казалі, што трэба спыніць гвалт. Пры гэтым было адчуваньне, што хакей «адмоўчваецца». Як сказаў у інтэрвію хакейны трэнэр, які звольніўся, яны як малпа — «нічога ня чую, ня бачу і не гавару».

Ня дзіўна, што ў некаторы момант праўладны ліст сталі даводзіць усім, і яго падпісвалі «пачкамі». Я ведаю, што гэта ўмова таго, што ты далей будзеш працаваць у хакеі. Калі не падпісваеш, варыянтаў ціску на цябе хапае — ад звальненьня да фінансавых рэчаў. Ёсьць прэмія, якая часта складае большую частку заробку, і ты яе можаш не атрымаць. Працаваць бясплатна ніводзін чалавек не павінен. Людзей, якія не падпішуць праўладнага ліста, будуць вымушаць сыходзіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «забіралі клюшку ў дыктатара». Актывісткі дыяспары — як скасоўвалі чэмпіянат у Менску

Пра сыход айцішнікаў зь Беларусі


— Я працую ў IT-кампаніі, якая знаходзіцца ў Менску. У пэўны момант некаторыя супрацоўнікі гаварылі пра тое, што яны гатовыя былі б разгледзець пераезд. Перавесьці кампанію — гэта ня так хутка, як перавезьці супрацоўніка. Наколькі я ведаю, вельмі шмат прыходзіць прапановаў ад ПВТ іншых краінаў зьмяніць юрысдыкцыю, і ўмовы там больш «смачныя». Частка людзей ужо зьехала, але ёсьць тыя, хто разглядае прапановы і шукае больш зручны варыянт. Гэта будзе адбывацца і далей, калі ня будзе пераменаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўка ды Грышка пра «адабраны хакей»

Пра разьвіцьцё хакею і яго элітны статус у Беларусі


— Калі ў 2018 годзе зборная Нямеччыны (зусім не хакейнай дзяржавы) выйшла ў фінал Алімпійскіх гульняў і паказала выдатны ўзровень гульні, паўстала шмат пытаньняў ня толькі ў мяне. Чаму наша дзяржава, якую так апантана прапагандуюць як хакейную, у гэты момант нават не знаходзіцца ў топ-дывізіёне? Мы вылецелі зь яго і апошнія гады паціху апускаліся. Не было яркіх узьлётаў, каманда страчвала свае пазыцыі ў рэйтынгу IHF на працягу доўгага часу і пайшла ў ніжэйшы дывізіён.

Як абываталь я лічу, што ў нас няма вынікаў. Зборная не паказвае вынікаў, як, напэўна, павінна была б пры такой падтрымцы з боку дзяржавы, як заяўляецца. Вельмі шмат залежыць ад атмасфэры ў трэнэрскіх штабах, атмасфэры ў саміх фэдэрацыях, ад сыстэмы ўзаемаадносінаў. Маральная абстаноўка вакол спартоўцаў адыгрывае велізарную ролю ў посьпеху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзятары хакейнага «Дынама» патролілі кіраўніцтва клюбу за шакаладкі ад Лукашэнкі

На спаборніцтва высокага ўзроўню прыяжджаюць вельмі добра фізычна падрыхтаваныя людзі, практычна касманаўты. Яны ўсе павінны быць практычна роўныя ў фізычных паказьніках. Вельмі вялікую ролю адыгрывае мэнтальная падрыхтоўка. Калі ёсьць нешта, што людзей выбівае, то цяжка паказаць добры вынік. У гэтым пляне элітны статус хакею моцна ўплывае на тое, што ў нас няма вынікаў. Элітны ў тым сэнсе, што ў нас ёсьць чалавек, які вельмі яго любіць, і асаблівы статус тут ня ў плюс, як высьветлілася.