Былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі, лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 22 студзеня выступае на онлайн-сустрэчы Рады Бясьпекі ААН аб свабодзе СМІ. Сустрэча ініцыяваная членамі Рады Бясьпекі — Эстоніяй, Францыяй, Ірляндыяй, Нарвэгіяй, Вялікай Брытаніяй і ЗША.
«Настоящее время» вядзе онлайн-трансьляцыю з 17:00 паводле менскага часу:
Афіцыйны канал Ціханоўскай у Telegram паведамляе, што яна зьверне ўвагу на справу Ігара Лосіка, які галадае больш за месяц; справы журналістак Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевой, Дар’і Чульцовой і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава. Яна таксама раскажа пра справы іншых палітвязьняў, якіх у Беларусі ўжо 188.
Чакаецца, што Ціханоўская таксама падыме пытаньне міжнароднага расьсьледаваньня злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і скліканьня фармальнай сэсіі Рады Бясьпекі ААН аб пераадоленьні крызісу ў Беларусі.
- Гэта другое пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН з удзелам Ціханоўскай. Першае адбылося 4 верасьня. Тады Ціханоўская папрасіла ААН асудзіць выкарыстаньне сілы беларускімі сілавікамі і ўвесьці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.