«Пэрспэктыва нашай перамогі відавочная», — Уладзімер Някляеў

Менск, 16 жніўня 2020

Паэт і палітык, кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе Ўладзімер Някляеў нагадвае, што ніколі беларускія апанэнты Лукашэнкі не атрымлівалі дапамогі ад Масквы, і расказвае, чаму 16 жніўня не заклікаў людзей на Плошчы займаць дзяржаўныя ўстановы.


Сьцісла

  • Бачу падрыхтаванасьць апазыцыі да грызьні і лаянкі
  • Нават калі АБСЭ прывязе Ціханоўскую ў Беларусь пад аховай — дык што, лукашысты дазволяць ёй рабіць рэвалюцыю?
  • Рэвалюцыя ўжо адбылася. Адбылася рэвалюцыя ў сьвядомасьці, душах людзей.
  • Калі мы выйдзем на пратэст той колькасьцю, як гэта было 16 жніўня, то ніякіх крывавых дзеяньняў ад улады ня будзе

— У мяне перад вачыма стаіць карціна з аднаго тэлерэпартажу ў жніўні, дзе вы, спадар Уладзімер, стаіце на плошчы Незалежнасьці і гаворыце карэспандэнту ў тэлеэфір, што нельга заставацца на месцы, трэба ісьці шэсьцем, гэта будзе дынамічна, далучацца іншыя людзі. Але, працягваеце вы, «я ня той чалавек, які зараз можа на гэта паўплываць ці кіраваць гэтым працэсам». Зараз шмат абмяркоўваюць тыя жнівеньскія і верасьнёўскія дні. Ці лічыце вы, што ў той момант не хапіла палітычнага лідэрства ці канкрэтнага лідэра, які мог бы павесьці за сабой тыя сотні тысяч, якія тады выйшлі на вуліцы?

— Я ў сваіх думках неаднойчы вяртаўся да гэтага дня, 16 жніўня. І дастаткова моцна сябе дакараў, што не прыняў такога рашэньня, якое, як я цяпер бачу, мусіў быў прыняць. 16 жніўня горад быў наш, на вуліцах не было ні спэцназу, ні АМАПу, усе яны зьбеглі, убачыўшы тую колькасьць людзей, якая выйшла на пратэст. І я стаяў на плошчы і адчуваў, што трэба нешта рабіць. Я паспрабаваў, калі яшчэ ішлі да плошчы Незалежнасьці, павярнуць людзей да турмы на Валадарскага, але за мной пайшлі толькі каля сотні чалавек. Усе астатнія пайшлі на плошчу Незалежнасьці — з музыкай, зь песьнямі. З адчуваньнем перамогі.

Уладзімер Някляеў

Я паспрабаваў на плошчы пагаварыць зь людзьмі, каб заняць Дом ураду ці гарвыканкам — але ў мяне не было мандату на тое, каб стаць на трыбуну і заклікаць людзей да гэтага. А па-другое, я ня ведаў дакладна, ці ня ёсьць гэты сыход сілавікоў з вуліцаў пасткай і часткай нейкага іхняга пляну. Яны сышлі, людзі займаюць гарвыканкам ці яшчэ нейкі будынак, а пасьля яны кідаюцца са зброяй, і пачынаецца трагедыя. І ў ёй будзе вінаваты той, хто прыняў такое рашэньне. Афіцэр Ігар Макар (мяркую, гэта той чалавек, якому можна давяраць) сказаў, што рыхтавалася наўмысная правакацыя такога кшталту, яны зьбіраліся нават расстраляць некалькі сілавікоў, увесьці войскі і патапіць пратэст у крыві. Так што, можа, і добра, што ніхто ў тыя дні не пайшоў штурмаваць і займаць дзяржаўныя ўстановы.

— Ці лічыце вы, што цяпер гэтак неабходна горача і палымяна аналізаваць тое, што адбылося ў жніўні і верасьні, шукаць памылкі і вінаватых? Ці найперш варта канцэнтравацца на тым, што далей рабіць?

— Вядома, найперш цяпер трэба думаць пра тое, што рабіць зараз. Я і так ужо бачу падрыхтаванасьць апазыцыі (і зусім старой, там, дзе Зянон Пазьняк, і пазьнейшай, дзе Мілінкевіч) да грызьні і лаянкі. І ня бачу салідарнай пазыцыі па нашай стратэгіі, па штурме рэжыму, які павінен прывесьці да перамогі. Я бачу гэта толькі ў масавым выхадзе людзей на Плошчу, ня меншым, чым гэта было ў жніўні-верасьні. Я б усё рабіў менавіта ў гэтым кірунку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская папрасіла АБСЭ спрыяць яе бясьпечнаму вяртаньню ў Беларусь

— Шмат дыскусіяў ідзе наконт таго, ці трэба вяртацца ў Беларусь Сьвятлане Ціханоўскай. Гэтыя размовы актывізаваліся на фоне вяртаньня ў Расею палітыка Аляксея Навальнага. Ваша меркаваньне наконт гэтага — меркаваньне чалавека, які і зьяжджаў, і вяртаўся?

— Дзеля чаго і чаму вярнуўся Навальны? Бо ён хоча быць прэзыдэнтам Расеі, для гэтага ён пайшоў у палітыку. Ці хоча быць прэзыдэнтам Беларусі Сьвятлана Ціханоўская? Не, яна неаднаразова пра гэта заяўляла. Дык зь якой матывацыяй яна будзе вяртацца?

Нават калі ўлічыць усе гэтыя фантазіі, што яе АБСЭ пад аховай прывязе, ці ААН возьме яе ў свой штат... дык што, лукашысты дазволяць ёй рабіць рэвалюцыю? Мы жывём у краіне, у якой запанавала вайсковая дыктатура, і наступствы вяртаньня для яе будуць адназначна турэмныя.

Нашы лідэры, якія гатовыя стаць прэзыдэнтам (Статкевіч, Севярынец), якія гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць сабой, — знаходзяцца ў зьняволеньні.

— Ваша стаўленьне да расейскай тэмы? Цяпер існуюць дзьве процілеглыя пазыцыі. Адны лічаць, што Масква падтрымлівае Лукашэнку, ён яе задавальняе, і ўсе дзеяньні Крамля ад жніўня толькі даказваюць гэта. Іншыя аналітыкі заяўляюць, што гэта было часова, а на самой справе Крэмль даўно хоча прыбраць Лукашэнку, проста чакае лепшага моманту і спрыяльных абставін.

— Усе беларускія палітыкі, якія спрабавалі ўдзельнічаць у барацьбе за ўладу, так ці інакш спадзяваліся на дапамогу Расеі, і ніводнага разу яны гэтай дапамогі не атрымалі. І ў бліжэйшай пэрспэктыве я ня бачу магчымасьці такой дапамогі. Можа, Пуціна і не задавальняе Лукашэнка, але ў доўгай пэрспэктыве ён на яго разьлічвае, і ўсе дзеяньні Масквы гэта даказваюць. Цяпер Расея затрымала і выдае рэжыму Лукашэнкі на расправу спартоўца Аляксея Кудзіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масква разумее, што Лукашэнка цяпер прайграе любыя выбары каму заўгодна», — Паротнікаў

На сёньня ў Расеі пераважае пуцінская Расея. Да нас, беларусаў, захопленае стаўленьне ў невялікай часткі грамадзтва, у дэмакратычных расейцаў. Вось прыклад. Я напісаў эсэ пра кнігу майго даўняга сябра Ігара Шклярэўскага, бліскучага расейскага паэта, родам з Магілёўшчыны. Але праз тое, што ў расейскай культурнай эліце мяне прылічылі да русафобаў, ніводнае выданьне, нават самае дэмакратычнае, гэтага не надрукавала.

— Сацыялягічныя апытаньні пацьвярджаюць, што большасьць расейцаў, нават ведаючы пра ўсе зьверствы сілавікоў у Беларусі, падтрымліваюць не пратэстоўцаў, а Лукашэнку.

— Так, і яны падтрымліваюць Лукашэнку толькі з адной прычыны — бо ён кажа, што «мы такія самыя, як і вы». А хто так ня кажа — той вораг Расеі.

— Кажуць, што першы этап рэвалюцыі прайшоў і цяпер трэба рыхтавацца да другога. Але пакуль пануе контрарэвалюцыя, мы бачым усе гэтыя дзікія затрыманьні і прысуды. Як беларусам перажыць гэты час, якія словы могуць даць спадзяваньне і веру, што гэтая цемра не назаўжды?

— Па-першае, рэвалюцыя адбылася. Рэвалюцыя — гэта не абавязкова зьмена ўлады. Адбылася рэвалюцыя ў сьвядомасьці, душах людзей. Людзей, якія зьяўляюцца сілай, гатовай давесьці справу рэвалюцыі да канца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пашкадуюць сілавікі аб тым, што яны рабілі з пратэстоўцамі

Можна, канечне, чакаць эканамічнага правалу, калі ва ўладаў ня будзе грошай плаціць заробкі. Калі настане такі момант, тады лягчэй будзе вывесьці людзей на вуліцы. Але колькі гэтага моманту чакаць, калі мы бачым, што нейкія санкцыі асабліва моцна ня дзейнічаюць?

Таму я лічу, што ня варта чагосьці чакаць, а празь незалежныя СМІ і інтэрнэт трэба даводзіць, што мы рыхтуемся да новага выступу, да часу «Ч». Усю нашу дзейнасьць трэба скіроўваць на тое, каб падняць людзей.

— Усе гэтыя месяцы вяліся гарачыя дыскусіі вакол мірнай формы пратэсту. Большасьць выказвалася ў тым духу, што менавіта гэта адзіная прымальная форма. Людзі, якія выказвалі адваротную думку, былі ў меншыні, і іх часам ледзь не называлі правакатарамі. Але калі будзе другая хваля пратэстаў і людзі выйдуць на вуліцы, — то пасьля вопыту жніўня і верасьня многія зь іх скажуць — «мы больш ня будзем толькі хадзіць па вуліцах з кветачкамі». Па-вашаму, ці магчымая такая зьмена ў сьвядомасьці пратэстоўцаў?

— Безумоўна, магчымая, і яна ўжо назіраецца. Я перакананы — ня трэба палохацца таго, чым нас палохае Лукашэнка. У яго ня так шмат гэтых сілаў. І калі мы выйдзем на пратэст той колькасьцю людзей, як гэта было 16 жніўня — то ніякіх крывавых дзеяньняў ад улады ня будзе. Тым больш армейскага ўдзелу ня варта баяцца. Бо ўсе гэтыя падзеі, якія адбываліся ад 9 жніўня, увесь гэты жах, яны паўплывалі ня толькі на тых, хто выходзіў на плошчу. Няма такой сілы, якая магла б перамагчы народную сілу.

Я нядаўна, яшчэ будучы ў Швэцыі, напісаў драму «Ягайла». І напісаў яе толькі таму, што ўбачыў відавочныя паралелі з тым, што адбывалася 500 гадоў таму, зь сёньняшнім часам. Ёсьць кіраўнік краіны, у якога прысутнічае нічым не кіраваная прага ўлады, і дзеля яе насычэньня ён пачынае гандляваць інтарэсамі краіны. Урэшце ўсё перамалолася, а народ, які тады ніхто ня браў у разьлік, застаўся народам, і цяпер дайшоў да ўсьведамленьня таго, што ён ёсьць нацыя.

Пэрспэктыва нашай перамогі відавочная. Гэта пацьвярджаецца ўсёй гісторыяй. Я асабіста перакананы, што гэта адбудзецца ўжо пры маім жыцьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліка Агурбаш пра катастрофу пад назвай «лукашызм» і свой 100-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг