З пачатку году Viber заблякаваў больш за 3 тысячы акаўнтаў пасьля скаргаў беларусаў на махлярства

У студзені 2021 году Viber заблякаваў больш за 3 тысячы акаўнтаў з прыкметамі махлярства пасьля скаргаў беларусаў, паведамілі ў прэс-службе Viber.

Як піша dev.by, у кампаніі адзначаюць, што ў апошні час у Беларусі пачасьціліся выпадкі махлярства ў дачыненьні да ўладальнікаў банкаўскіх картак. Махляры выкарыстоўваюць папулярныя мэсэнджэры, каб зьвязацца з кліентамі розных банкаў.

Часьцей за ўсё яны тэлефануюць карыстальнікам з падробленых акаўнтаў банкаў, прыкідваючыся іх супрацоўнікамі, і спрабуюць пад рознымі падставамі даведацца ў карыстальнікаў зьвесткі іх банкаўскіх картак.

У сувязі з гэтым кампанія Rakuten Viber нагадвае, што катэгарычна нельга перадаваць суразмоўцам:

  • дадзеныя сваёй банкаўскай карткі (нумар, тэрмін дзеяньня, CVV-код),
  • любы PIN-код,
  • лагін і пароль ад інтэрнэт-банкінгу,
  • пароль 3D Secure,
  • SMS-пароль.

Ні ў якім разе ня варта раскрываць зьвесткі банкаўскай карткі, кім бы ні прадставіўся суразмоўца: супрацоўнікам банка або прадстаўніком любых іншых арганізацый. У выпадку атрыманьня падобных званкоў у мэсэнджэры варта спыніць размову і патэлефанаваць па нумары, указаным на афіцыйным сайце банку або на адваротным баку банкаўскай карты.

Таксама можна адзначыць нумар тэлефона махляра як «спам» ў Viber або заблякаваць яго.

Інфармацыю аб падробленым акаўнце варта перадаць у службу падтрымкі Viber.