Адвакат палітзьняволенага Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі пасьля перадачы справы падабароннага ў Генэральную пракуратуру заявіў, што абаронцам не дазволілі капіяваць матэрыялы справы. Каля месяца, пачынаючы зь сярэдзіны сьнежня, абаронцаў Віктара Бабарыкі не дапускалі да яго ў сьледчы ізалятар.
У сувязі з гэтым Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуліся да спэцдакладчыкаў ААН.
Яны патрабуюць ад беларускіх уладаў забясьпечыць палітвязьню «магчымасьць бесьперашкоднай рэалізацыі права на абарону і юрыдычную дапамогу на канфідэнцыйнай аснове» ў сувязі зь перадачай яго крымінальнай справы ў суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакаты Віктара Бабарыкі заявілі пра адсутнасьць у ягонай справе доказаў віныТрывогу праваабаронцаў выклікалі зьвесткі пра перашкоды з боку ўладаў:
- немагчымасьць адвакатам рабіць копіі матэрыялаў крымінальнай справы;
- нядопуск абаронцаў у СІЗА да Віктара Бабарыкі на працягу больш чым месяца, гэта робіць немагчымым атрыманьне ім юрыдычнай дапамогі на канфідэнцыйнай аснове.
Паведамленьні атрымалі спэцдакладчык аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, спэцдакладчык аб пытаньні незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Саян і спэцдакладчык аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар.
Беларускія праваабаронцы лічаць забарону на капіяваньне матэрыялаў крымінальнай справы «істотным звужэньнем магчымасьці абароны дбайным чынам вывучыць матэрыялы крымінальнай справы і, фактычна, аспрэчыць выстаўленае абвінавачаньне» ў дачыненьні палітвязьня Бабарыкі.
Улады парушылі права экс-старшыні «Белгазпрамбанку» на абарону, што ў сукупнасьці з узяцьцем пад варту ягонага адваката Максіма Знака і пазбаўленьнем ліцэнзіі яшчэ аднаго адваката, Аляксандра Пыльчанкі, за прававы камэнтар у СМІ расцэньваецца праваабарончай супольнасьцю як парушэньне права на справядлівы судовы разбор.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch у Сусьветнай справаздачы заявіла пра беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў Беларусі. Асноўныя тэзісы21 студзеня стала вядома, што Генэральная пракуратура накіравала справу супраць топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» ў Вярхоўны суд.
Віктара Бабарыку і яго калег вінавацяць у атрыманьні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры. Самому Бабарыку выставілі яшчэ і абвінавачаньне ў «адмываньні» грошай. Бабарыка сябе вінаватым не прызнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура перадала крымінальную справу Бабарыкі і іншых мэнэджараў «Белгазпрамбанку» ў Вярхоўны суд