Пра недагляд адміністрацыі расказалі ў штабе зьняволенага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі.
Чальцы Каардынацыйнай рады Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў СІЗА на вуліцы Валадарскага сустракаюцца з адвакатамі ў кабінэтах для асабліва небясьпечных злачынцаў, асуджаных да пажыцьцёвага тэрміну або сьмяротнага пакараньня. У ізалятары два такія кабінэты — № 24 і № 29.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максіма Знака перавялі ў значна лепшую камэру«Асабліва небясьпечных» ад абаронцаў аддзяляюць глухія дзьверы, невялікае акенца і сетка. Яны знаходзяцца ў «скрыначцы», дзе складана вывучаць дакумэнты, весьці запісы. Дакумэнты можна перадаць толькі праз канваіра.
«19 студзеня здарыўся казус. Адвакатка Людміла Казак чакала Марыю Калесьнікаву. Раптам замест падабароннай у кабінэт завялі Максіма Знака. „Гэта не да мяне“, — сказала Людміла канваірам. „Не, гэта да вас“, — прагучаў адказ і дзьверы зачынілі на замок. Максім усьміхнуўся, перадаў прывітаньні... Пасьля аповед пра кароткую сустрэчу з Максімам падняў настрой і Марыі», — пераказалі ў штабе Віктара Бабарыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд пакінуў Марыю Калесьнікаву пад вартай як найменей да 8 сакавікаНа пачатку студзеня Марыю Калесьнікаву перавялі з Жодзіна ў Менск. Максім Знак знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ад моманту затрыманьня 9 верасьня мінулага году.
Абое праходзяць фігурантамі ў крымінальнай справе «аб захопе ўлады» Каардынацыйнай радай.