«Такое паведамленьне я атрымаў і цяпер дзялюся гэтай весткай. Паведамленьне СК выводзіць мяне з падвешанага стану. Бо пасьля таго, як я ў якасьці сьведкі 12 лістапада 2020 году быў выкліканы ў аддзел Сьледчага камітэту, бачачы, што адбываецца вакол, усьведамляў, што ад статусу крымінальніка мяне аддзяляе адзін крок. Сёньня я разумею: тым, хто распачынаў тую брудную справу, не ўдалося зрабіць заключны крок да майго зьняволеньня», — пракамэнтаваў Вячаслаў Барок у сацсетках.
Пасьля допыту ў раённым аддзеле Сьледчага камітэту ў Расонах была распачатая праверка зьместу блогаў ксяндза на YouTube, Facebok і Instagram. Цяпер праверку прыпынілі, падставай названае «неатрыманьне вынікаў экспэртызы», гаворыцца ў лісьце ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Барок: Сукамэрнікі-рэцыдывісты былі б ня горшымі міністрамі за цяперашніхНа пачатку леташняга сьнежня Вячаслаў Барок быў асуджаны на 10 сутак арышту за рэпост малюнка дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера «Стоп лукашызм». Суд угледзеў у дзеяньнях сьвятара «прапаганду нацысцкай сымболікі».