«Расказваем не пра камбайны, а пра звольненых». Як былыя журналісты дзяржаўных СМІ стварылі канал «Я снимаю»

Ілюстрацыйнае фота

Былыя журналісты дзяржаўных СМІ, пераважна супрацоўнікі МТРК «Мир» у Беларусі, якія звольніліся ці былі звольненыя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, стварылі свой youtube-канал «Я снимаю», у якім расказваюць пра рэальную Беларусь.

Рэжысэр Дзьмітры Шынгур і адна аўтараў праекту, Ганна Данілюк, расказваюць Свабодзе аб прапагандзе, звальненьні і незалежнай журналістыцы.

Глядзіце размову на відэа цалкам.


Тут фрагмэнты інтэрвію.

«Калі мы ішлі зь мікрафонам „Мира“ па вуліцы, людзі гаварылі нам непрыемныя рэчы»

Ганна Данілюк

Ганна Данілюк: Я звольнілася ў сярэдзіне жніўня. Тэлеканал «Мир» знаходзіцца ўсё ж трошкі ўбаку ад адыёзных і скандальных БТ, АНТ і СТВ. У жніўні я не змагла зьмірыцца з выбраным вэктарам асьвятленьня сытуацыі ў Беларусі — замоўчваньнем. Калі ўвесь сьвет глядзіць відэа з кадрамі гвалту ў Беларусі, а нашы журналісты расказваюць пра новыя камбайны ці як цудоўна ў нас усё склалася з унутраным турызмам падчас пандэміі. У мяне пачаў разьвівацца кагнітыўны дысананс.

Я была аўтарам праграмы «Беларусь сегодня», у кадры мусіла працаваць. Павінна была быць іншая назва праграмы. Мы выбралі тэмы — фэмінізм у Беларусі, разьвіцьцё бізнэсу. Працавалі над перафарматаваньнем, але нас пэрыядычна прыцягвалі на навіны. Памятаю, як мне трэба было ехаць здымаць новы беларускі камбайн, а гэта было ўжо самае пекла пасьля выбараў. З гэтым было немагчыма зьмірыцца. Былі бяссонныя ночы. Людзі на вуліцы пачалі падыходзіць, калі мы ішлі зь мікрафонам «Мир», і гаварыць непрыемныя рэчы. Прафэсія журналіста не пра тое, каб усім падабацца, і з гэтым можна было зьмірыцца, але я сама ўнутры з гэтым не пагаджалася. Я вырашыла, што больш я тут працаваць не магу, і звольнілася.


«Калі былі падзеі ў жніўні, працы стала значна менш, бо людзі адмаўляліся ўдзельнічаць у нашых праграмах»

Дзьмітрый Шынгур

Дзьмітры Шынгур: Мне пашанцавала не працаваць на навінах, толькі на сацыяльных праграмах. Калі былі падзеі ў жніўні, праграм стала значна менш, бо людзі адмаўляліся ўдзельнічаць у нашых праектах. Часу свабоднага стала болей. Выходзіш у горад і бачыш, што адбываецца. Прыходзіш на працу — і гэтага нічога ня бачыш, а паказаць вельмі хочацца. Атрымліваецца, ты тэлевізійнік, працуеш, а дзеля чаго? Каб гэтага ніхто ня бачыў? Тады зьявілася ідэя неяк паказаць рэальнае жыцьцё. І мы вырашылі зрабіць свой youtube-канал, у якім будзем рабіць тое, што ня можам рабіць для тэлевізіі, і даць слова тым, каго ніколі там не пакажуць. Пачалі рабіць гэта ў свой вольны час. Потым мяне і звольнілі за працу над праектам «Я снимаю». Калі каротка, то мне сказалі: «Хлопец, ты занадта гучна думаеш». І адразу ж звольнілі.


Прывітаньне Ніне Багінскай


Ганна Данілюк:Назва на нашага каналу — гэта прывітаньне Ніне Багінскай, адказ на яе «Я гуляю». Я гуляю насуперак рэпрэсіям. Я здымаю насуперак рэпрэсіям, якія адбываюцца над журналістамі ў Беларусі.

Мы вырашылі расказваць пра людзей, якія страцілі працу, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазыцыю. Найперш гэты быў наш боль, бо мы самі засталіся бяз працы з той жа прычыны. Такія людзі ёсьць сярод дыпляматаў, актораў, дактароў — паўсюль, і мы вырашылі даць ім слова. Кожны дзень мы чытаем, што кагосьці звольнілі, кагосьці затрымалі на працоўным месцы, да некага начальнік прыйшоў ледзь не ў СІЗА і папрасіў падпісаць заяву «пры згодзе бакоў». За кожнай навіной стаіць чалавечая гісторыя. А што далей з гэтым чалавекам? Мы глядзім, як разьвіваецца гэтая гісторыя, як людзі спраўляюцца з крызіснай сытуацыяй. Людзі працягваюць звальняцца, і наш праект патрэбен для тых, хто можа апынуцца ў гэтай сытуацыі.

Мы сутыкнуліся зь неймавернай салідарнасьцю і падтрымкай. Нас кансультуюць СЕО буйных кампаній, нам даюць парады ў прасоўваньні. Апэратары працуюць бясплатна, графічны дызайнэр дапамагае бясплатна. Каб ня ўсе гэтыя людзі, гэтага б праекту не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая вядоўца БТ Пытлева — пра Malanka Media, «карнікаў» у эфіры і перажытыя рэпрэсіі


Аб працы і жыцьці ў новай Беларусі


Дзьмітры Шынгур: Мы не займаемся прапагандай. Мы расказваем пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы не атрымліваем ніякіх грошай, робім гэта на ўласную ініцыятыву. Унутры я ўжо жыву зь пераменамі, жыву ў новай Беларусі. Ня ведаю, што заўтра са мной будзе, але я ўжо жыву ў новай Беларусі. Я яе ўжо пабачыў і магу сабе ўявіць. І мяне гэта цалкам задавальняе.