Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў аналізуе супярэчлівае стаўленьне Крамля да Аляксандра Лукашэнкі, заяўляе, што даволі хутка Лукашэнка пачне рабіць крокі ў бок Захаду, і прагназуе, як Масква скарыстае вучэньні «Захад-2021»
Сьцісла:
- У Маскве разумеюць, што трэба рыхтавацца да Беларусі без Лукашэнкі.
- Масква адстойвае неабходнасьць кантраляванага, у вярхах, транзыту ўлады. Не пад народным ціскам, а пад кантролем бюракратыі.
- Некаторымі беларускімі чыноўнікамі Захад успрымаецца як ідыёты зь вельмі кароткай памяцьцю.
- Захад нічога не забудзе і нічога не даруе.
— Пачынаючы ад жніўня (і асабліва актыўна апошнія тыдні) Аляксандар Лукашэнка спрабуе давесьці, што афіцыйныя Менск і Масква знаходзяцца «ў адной лодцы», спрабуе прывязаць Крэмль да сябе, каб Крэмль усяляк абараняў Лукашэнку як свайго апошняга саюзьніка. І некаторыя дзеяньні Масквы паказваюць, што яна (альбо купіўшыся на гэтую рыторыку, альбо дзеля сваіх інтарэсаў) падтрымлівае Лукашэнку і палітычна, і крэдытамі. Ці сапраўды на сёньня гэтыя ідэалягічна блізкія рэжымы знаходзяцца ў адной лодцы?
— Не, безумоўна, яны не знаходзяцца ў адной лодцы. Тым больш што ў мяне вялікія сумневы наконт «блізкасьці» беларускіх і расейскіх рэжымаў. Яны падобныя паводле нейкіх ідэалягічных падмуркаў, але вельмі розныя таму, што вымушаныя жыць у розных вагавых катэгорыях і розных палітычных лігах.
Масква дэманструе падтрымку Лукашэнкі, але пытаньне ў тым, ці тлумачыцца гэта шчырасьцю, ці палітычным разьлікам. Ці трэці варыянт — гэта вымушаная падтрымка з той прычыны, што істотнай альтэрнатывы для Крамля няма, як няма і іншых інструмэнтаў уплыву на беларускую сытуацыю. З майго гледзішча, Масква проста вымушаная так дзейнічаць, але яны разумеюць, што трэба рыхтавацца да Беларусі без Лукашэнкі.
— Але Масква даволі актыўна падтрымала Лукашэнку ў вельмі напружаныя для яго жнівеньскія дні, і бяз гэтай падтрымкі, як многія ўпэўнены, Лукашэнка б не ўстаяў. Якія ёсьць падставы лічыць, што яна ня будзе гэтак сама істотна падтрымліваць яго і далей?
— Расейская падтрымка тады была вымушаная — таму што яны не маглі падтрымаць з унутрырасейскіх прычынаў вулічную беларускую рэвалюцыю. Падтрымаўшы народную рэвалюцыю ў Беларусі, Масква дала б знак, што Расея больш не зьяўляецца чыньнікам стабілізацыі для постсавецкіх аўтакратычных рэжымаў. Гэта прывяло б да эрозіі зоны расейскага ўплыву на паўднёвым Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія чыноўнікі чакаюць, хто выйграе ў бойцы Лукашэнкі з народам, пераможцам яны абвесьцяць сябе, — ПласкавіцкіДругі момант — гэта тое, што расейская падтрымка была абумоўленая правядзеньнем канстытуцыйнай рэформы, дэмантажом супэрпрэзыдэнцкай сыстэмы ў Беларусі і правядзеньнем новых выбараў згодна з новай Канстытуцыяй.
Чаму Масква, тым ня менш, вымушаная ўжо сёньня думаць пра Беларусь без Лукашэнкі? Гэта вельмі проста. Калі палітык, маючы вялікі досьвед і адміністрацыйны рэсурс, прайграе хатняй гаспадыні, то гэта азначае, што зорка таго палітыка закацілася. І ён прайграе любыя выбары каму заўгодна. І варыянт, калі ў Беларусі зьяўляецца гэты «хто заўгодна», незразумелы і непадкантрольны Маскве, — гэта тое, чаго Крэмль хацеў бы пазьбегнуць.
— Чаму б тады Маскве не наладзіць сувязь з прадстаўнікамі апанэнтаў Лукашэнкі, прадстаўнікамі большасьці беларускага грамадзтва? Тым болей што самі яны зусім не цураюцца Масквы, не нападаюць на яе — наадварот, заклікаюць да кантактаў, дыялёгу і гавораць нейкія прымальныя для Масквы рэчы. Але Крэмль упарта не жадае іх успрымаць.
— Бо гэтыя прадстаўнікі абапіраюцца на народную легітымнасьць, народнае прызнаньне і падтрымку. Яны ў любым выпадку будуць самастойнымі ад Масквы гульцамі. А Масква любіць гуляць у палітычным полі марыянэткамі, людзьмі, якія залежаць ад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцінская палітыка — гэта пералік спэцапэрацый». Віталь Портнікаў пра вяртаньне НавальнагаДругі момант — Масква адстойвае неабходнасьць кантраляванага, у вярхах, транзыту ўлады. Не пад народным ціскам, а пад кантролем бюракратыі — як цывільнай, так і ў пагонах.
Трэці момант ідэалягічны. Той факт, што цэнтры беларускай апазыцыі знаходзяцца ў заходніх краінах, прычым у тых краінах, якія Масква ўспрымае як варожыя сабе — Польшча і Літва. У гэтым сэнсе Лукашэнка згуляў даволі эфэктыўна, выціснуўшы сваіх апанэнтаў менавіта ў заходнія краіны, а не ў Расею.
— Ёсьць думка, што цяпер, калі стасункі Лукашэнкі з Захадам радыкальна сапсаваліся, калі слова «шматвэктарнасьць» не ўспрымаецца як рэальнасьць, то Масква будзе выціскаць з Лукашэнкі ўсё, што пажадае. Ці падзяляеце вы меркаваньне, што Лукашэнка зараз здае эканамічныя і палітычныя пазыцыі ў адносінах з Расеяй?
— Не, я не лічу, што Лукашэнка здае свае пазыцыі. Здаецца, у Масквы ня вельмі атрымліваецца віць зь яго вяроўкі. Першапачаткова, наколькі мы разумеем, плян быў такі, што канстытуцыйны рэфэрэндум павінен быў адбыцца зімой 2021 году. Беларускія ўлады адцягваюць гэты момант і абвясьцілі, што гэтая канстытуцыйная рэформа пройдзе да канца 2021 году.
То бок Менск спрабуе выйграць 9 месяцаў у Масквы. Для чаго? Каб паспрабаваць аднавіць адносіны з Захадам. Тое, што Лукашэнка сёньня прытрымліваецца антызаходняй рыторыкі... ягоная рыторыка вельмі гнуткая і можа павярнуцца ў любы момант. Цалкам магчыма, мы ўжо да красавіка можам пабачыць хады афіцыйнага Менску ў бок Захаду, у тым ліку па дээскаляцыі ўнутрыпалітычнага жыцьця ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія варыянты завяршэньня крызісу ў Беларусі? Дыскусія экспэртаўПрычынай усяму эканоміка. Масква не дэманструе гатоўнасьці кампэнсаваць Менску страты і аказваць фінансавую падтрымку. Фінансавых рэсурсаў у рэжыму няма, трэба шукаць міжнароднай інстытуцыянальнай падтрымкі.
— Нават калі ўявіць, што Лукашэнка зробіць нейкія крокі насустрач Захаду, як Захад іх успрыме? «Забудзем усё, што было, зьверствы і забойствы, перагорнем старонку?» Хіба такі варыянт магчымы?
— Такі варыянт немагчымы. З таго досьведу, якія я маю, стасуючыся з заходнімі дыпляматамі ў Менску, яны нічога не забудуць і нічога не даруюць. Але пытаньне ў тым, як успрымаецца Захад беларускімі ўладамі. Некаторымі беларускімі чыноўнікамі Захад успрымаецца як ідыёты зь вельмі кароткай памяцьцю, якім можна забалбатаць мазгі. То бок з той прычыны, што там рэгулярна мяняюцца кіраўнікі, кожны наступны ня будзе памятаць тое, што было пры папярэднім. Гэта вялікая памылка афіцыйнага Менску — з памяцьцю там усё добра.
Лукашэнка спадзяецца паўтарыць свой «момант славы», які быў у 2014 годзе. Што і зараз адбудзецца нешта, калі ягоныя паслугі зноў будуць запатрабаваныя. Менск працягвае лічыць, што можна таргавацца палітзьняволенымі, маштабам палітычных рэпрэсіяў, мяняючы гэта на фінансавую падтрымку.
— Кожныя вучэньні «Захад» выклікалі пэўныя хваляваньні ў беларускім грамадзтве і ў суседзяў Беларусі. Ці ёсьць падставы лічыць, што сёлетнія «Захад-2021» зноў могуць стаць нечым большым, чым звычайныя вайсковыя вучэньні?
— Я думаю, большае значэньне ім будуць надаваць нашыя суседзі з Захаду, бо для іх гэта заўсёды выклік, палітычны і вайсковы. Я не чакаю нейкай канфрантацыйнасьці ці правакацыйнасьці сцэнару саміх вучэньняў. Але Масква традыцыйна выкарыстоўвае такія вучэньні, каб паказаць, «хто ў доме гаспадар». І ў гэтым выпадку можна прагназаваць, што Расея паспрабуе прадэманстраваць залежнасьць афіцыйнага Менску ад Крамля ў вайскова-палітычнай сфэры. Што гэта не партнэр, а васал і частка расейскай вайскова-палітычнай машыны. Гэта звычайная расейская гульня.