У краінах Эўразьвязу ад Covid-19 памерлі больш за 400 тысяч чалавек

Вакцынацыя ў Харватыі

Колькасьць памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у краінах ЭЗ перавысіла 400 тысяч.

Пра гэта ў аўторак заявіла эўракамісар па ахове здароўя Стэла Кірыякідэс. У гутарцы з дэпутатамі Эўрапарлямэнту яна падкрэсьліла, што апошнія 10 месяцаў аказаліся нашмат больш складанымі, чым «хто-небудзь мог уявіць».

«Але мы таксама перагарнулі старонку, і новы 2021 год пачынаецца са значнымі магчымасьцямі», — дадала Кірыякідэс.

Дыскусія ў Эўрапейскім парлямэнце была прысьвечаная далейшай стратэгіі вакцынацыі насельніцтва ад каранавірусу ў 27 краінах — сябрах эўрапейскай супольнасьці.

На 21 студзеня заплянаваны віртуальны саміт ЭЗ, на якім, як чакаецца, кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць пляны вакцынаваць да сярэдзіны гэтага году 70 адсоткаў насельніцтва.

Лідэрам у сусьветнай статыстыцы па захворваньні на COVID-19 застаюцца ЗША, дзе колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу перавысіла 24 мільёны, а сьмерцяў ад яго — ужо амаль 400 тысяч.