ЗША плянуюць увесьці санкцыі супраць расейскага карабля «Фартуна». Пра гэта Белы дом паведаміў Нямеччыне і іншым краінам Эўразьвязу.
Санкцыі закрануць якую-колечы кампанію, якая будзе дапамагаць «Фартуне» завяршыць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток – 2».
«Мы з жалем прымаем гэтае паведамленьне да ведама», — заявіў прадстаўнік нямецкага міністэрства эканомікі.
Рашэньне пра санкцыі супраць кампаній, што будуюць «Паўночны паток – 2» ЗША прынялі ў сьнежні 2019 году. Пасьля гэтага кампанія AllSeas з Швэйцарыі адмовілася ад працы над праектам, хоць выканала ўжо каля 90% работ.
Цяпер Расея намагаецца завяршыць праект з дапамогай уласных караблёў.
Новыя санкцыі ўступяць у сілу за дзень да таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп пакіне пасаду. Ягоны наступнік Джо Байдэн раней таксама выказваўся супраць запуску газаправоду. Аднак ён таксама заяўляў, што будзе намагацца палепшыць адносіны з эўрапейскімі саюзьнікамі, у тым ліку зь Нямеччынай.
Злучаныя Штаты лічаць, што «Паўночны паток – 2» узмоцніць уплыў Крамля на эўрапейскі энэргетычны рынак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Нямеччыны дазволілі далейшае будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2»