Журналістцы Белсату Андрэевай працягнулі тэрмін зьняволеньня яшчэ на месяц

Кацярына Андрэева

Кацярыне Андрэевай працягнулі тэрмін арышту да 20 лютага. «Безумоўна, я лічу, што Каця ўтрымліваецца за кратамі незаконна, бо яна цалкам невінаватая», — камэнтуе сытуацыю муж Кацярыны Ігар Ільляш

Пра працяг арышту паведаміў тэлеканал Белсат у сваім Тэлеграм-канале.

Кацярыне Андрэевай працягнулі тэрмін арышту да 20 лютага. Нагадаем, тэрмін знаходжаньня пад вартай у Кацярыны мусіў скончыцца 20 студзеня. «Безумоўна, я лічу, што Каця ўтрымліваецца за кратамі незаконна, бо яна цалкам невінаватая, — камэнтуе сытуацыю муж Кацярыны Ігар Ільляш. — Ёй выстаўленае абсалютна неабгрунтаванае, абсурднае абвінавачваньне. Па факце Кацю проста захапілі ў палон за тое, што яна сумленна выконвала свае прафэсійныя абавязкі».

Ігар Ільляш кажа, што цяпер Кацярына адчувае сябе добра, захоўвае бадзёры настрой і рыхтуецца да судовага працэсу. Нагадаем: Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым, у якім быў паказаны жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ды разбурэньне сілавікамі народнага мэмарыялу памяці Бандарэнкі. Кацярыне і Дар’і выстаўленае абвінавачваньне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «64 дні ігнараваньня, праслухоўваньня, запалохваньня». Маці забітага Рамана Бандарэнкі патрабуе сустрэчы з генпракурорам